Версия для печати
Пятница, 26 февраля 2010 11:52

26 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё партрэтнай галерэі прафесараў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы

26 лютага 2010 г. адбылося адкрыццё партрэтнай галерэі прафесараў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Урачыста прагучаў гімн студэнтаў “Gaudeamus” у выкананні ансамбля старажытнай музыкі “Мадрыгал” факультэта мастацтваў ГрДУ.

На ўрачыстым адкрыцці галерэі партрэтаў прафесараў прысутнічалі прафесары універсітэта, замежныя дэлегацыі, якія прыехалі на святкаванне 70-гадовага юбілею ГрДУ, шматлікія госці навучальнай установы.

Ініцыятарам стварэння галерэі прафесараў выступіў прафесарскі сход універсітэта. А аўтарамі з’явіліся вядомыя мастакі Уладзімір Уладзіміравіч Качан і загадчык кафедры выяўленчага мастацтва ГрДУ Антон Антонавіч Ляшчынскі.

Уладзімір Уладзіміравіч Качан – член Беларускага саюза мастакоў, займаецца на працягу больш дзесяці гадоў стварэннем партрэтнага цыклу з гісторыі Гродна, у які ўваходзяць партрэты кіраўнікоў горада, прадстаўнікоў Гродзенскай праваслаўнай епархіі і дзеячоў навукі і культуры Гродзеншчыны. Ён – лаўрэат прэміі за творчыя дасягненні ў галіне навукі і мастацтва імя А.І. Дубко. Уладзімір Уладзіміравіч Качан выказаў падзяку рэктару і адміністрацыі універсітэта за прадастаўленую магчымасць дакрануцца да таленту, якім багатая гродзенская зямля.

Антон Антонавіч Ляшчынскі – загадчык кафедры выяўленчага мастацтва ГрДУ, дацэнт, член Беларускага саюза мастакоў, член Народнага фотаклуба “Гродна”. Арганізаваў 14 персанальных выставаў.

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, прафесар Яўгеній Аляксеевіч Роўба сардэчна падзякаваў гасцям універсітэта, якія адзначаюць з нашай навучальнай установай яе 70-гадовы юбілей, і аўтарам стварэння партрэтнай галерэі за іх творчую працу. Яўгеній Аляксеевіч адзначыў, што ГрДУ працягвае традыцыі універсітэта і закладае новыя. Прафесары ГрДУ, зазначыў рэктар, з’яўляюцца ядром нашай ВНУ, прафесарска-выкладчыцкага складу.

Ганаровае права ўрачыстага адкрыцця партрэтнай галерэі прафесараў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы было прадастаўлена рэктару ГрДУ, прафесару Яўгенію Аляксеевічу Роўбе, прафесару, старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, рэктару ГрДУ з 1997 па 2005 год Сяргею Аляксандравічу Маскевічу і прафесару, рэктару ГрДУ з 1978 па 1994 год Аляксандру Васільевічу Бадакову.

У партрэтнай галерэі прадстаўлены партрэты дырэктараў Гродзенскага педагагічнага інстытута, Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, знакамітых прафесараў нашай навучальнай установы. Праца над далейшым папаўненнем галерэі будзе працягвацца і надалей дзеля захавання памяці аб дзеячах навукі і культуры ГрДУ.