Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка 24 сакавіка 2015 года ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам. Сярод іх - загадчык кафедры грамадзянскага права і працэсу юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Ігар Эдуардавіч Мартыненка.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ўжо склалася добрая традыцыя - ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара лепшым вучоным краіны. Як лічыць Прэзідэнт, гэта прызнанне важнай ролі навукі ў жыцці грамадства і высокай адказнасці беларускай навуковай эліты.
«У Беларусі ступень доктара навук або званне прафесара атрымаць няпроста, - працягнуў кіраўнік дзяржавы. - Я ўвесь час нацэльваю Вышэйшую атэстацыйную камісію на тое, каб быў надзейны бар'ер для адкрыта слабых і неактуальных работ. Трэба падтрымліваць і даваць зялёнае святло толькі тым даследаванням, якія маюць вялікую навуковую каштоўнасць і рэальны эфект».
На думку Аляксандра Лукашэнка, падрыхтоўка навуковых кадраў з'яўляецца адным з ключавых звёнаў у павышэнні эфектыўнасці работ даследчых калектываў. Менавіта актыўная дзейнасць дактароў навук і прафесараў - найбольш важкая характарыстыка творчага патэнцыялу навукова-даследчага інстытута або навучальнай установы.
Па матэрыялах інфармацыйнага агенцтва БелТА