Праграму падпісалі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і старшыня Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта Васіль Шлык. Дакумент ахоплівае шырокі спектр сфер супрацоўніцтва, уключаючы навуковыя даследаванні, алімпіядны рух, захаванне культурнай спадчыны і павышэнне якасці адукацыі спецыялістаў.
Як адзначыла Ірына Кітурка, сувязь грамадскасці, дэпутацкага корпуса, органаў кіравання і ўстаноў адукацыі сапраўды вельмі важная, бо выхаваць патрыёта і дастойнага грамадзяніна можа толькі патрыёт.
– Універсітэт - месца, дзе навука і практыка ідуць рука аб руку. Ужо на працягу многіх гадоў навуковыя распрацоўкі купалаўцаў прымяняюцца ў самых розных сферах, а спецыялісты, якія выпускаюцца нашым універсітэтам, запатрабаваны, таму супрацоўніцтва з Воранаўскім райвыканкамам з кожным годам толькі ўмацоўваецца і прыносіць усё больш узаемнай выгады, – падкрэсліла Ірына Кітурка.
На заканчэнне сустрэчы старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч уручыла Ірыне Фёдараўне падзячны ліст у знак удзячнасці за ўклад Купалаўскага ўніверсітэта ва ўмацаванне супрацоўніцтва.