Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 18 Лістапад 2024 10:23

Дзень адчыненых дзвярэй прайшоў на філалагічным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы

photo 5321464316991498572 y16 лістапада філалагічны факультэт на прафарыентацыйным мерапрыемстве аб'яднаў больш за 120 навучэнцаў 10-11 класаў сярэдніх школ і гімназій горада Гродна і Гродзенскага раёна.

Мерапрыемства пачалося ў актавай зале, дзе абітурыентаў прывітала дэкан факультэта Святлана Ганчар. Студэнты 1-4 курсаў выступілі перад гасцямі з прэзентацыямі спецыяльнасцей, прадэманстравалі ім свае творчыя таленты.

Далей рабятам было прапанавана прыняць удзел у займальных віктарынах, інтэрактыўна-забаўляльных гульнях, наведаць адкрытую лекцыю і практычныя заняткі выкладчыкаў факультэта. Загадчыкі кафедраў і выкладчыкі адказалі на пытанні абітурыентаў, студэнты падзяліліся сваім вопытам паступлення ва ўніверсітэт і расказалі пра навучанне на факультэце.

У рамках мерапрыемства «Адчыненыя дзверы філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы» студэнт 4 курса спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія» Ягор Белякоў выступіў для абітурыентаў з інтэрактыўнай прэзентацыяй па спецыяльнасці. Абітурыенты даведаліся аб сумесных навучальных праграмах факультэта і аб удзеле ў міжнародных канферэнцыях. Прадстаўнікі старэйшых курсаў таксама пазнаёмілі рабят з асаблівасцямі паступлення і вучобы на філфаку.

Дацэнт кафедры Таццяна Скарабагатая і старшы выкладчык Наталля Андрэйчык расказалі аб перспектывах будучай прафесіі і ўступных іспытах, аб канкурэнтных перавагах адукацыйных праграм, магчымасцях працаўладкавання.

Студэнткі 4 курса Анастасія Андрусевіч і Паліна Духоўнік арганізавалі інтэрактыўна-забаўляльную гульню «Travel to Germany» з выкарыстаннем платформы kahoot. Завяршылася сустрэча стварэннем сумеснага інтэрактыўнага калажу на тэму «Германія і мае асацыяцыі».