Купалаўскі ўніверсітэт стаў пляцоўкай для публічнага абмеркавання вузаўскага падручніка па дысцыпліне «Філасофія», падрыхтаванага калектывам аўтараў гродзенскіх універсітэтаў для нефіласофскіх спецыяльнасцяў. Абмеркаванне прайшло ў фармаце адкрытага дыялогу.
Галоўная мэта – даведацца пра меркаванне экспертнай супольнасці і выкладчыкаў універсітэтаў, дзе будзе выкладацца дысцыпліна «Філасофія» з выкарыстаннем новага навучальнага дапаможніка, пачуць водгукі пра яго метадычны і змястоўны складнік.
Удзельнікамі сустрэчы сталі прадстаўнікі рэктарата, дэканы факультэтаў і кіраўнікі структурных падраздзяленняў ГрДУ імя Янкі Купалы, аўтары-ўкладальнікі і рэдактары выдання, прадстаўнікі выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі Гродзенскай вобласці, якія ажыццяўляюць адукацыйны працэс па вучэбнай дысцыпліне «Філасофія», а таксама зацікаўленыя студэнты. Мадэратарам мерапрыемства выступіў кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Віктар Карпінскі.
Прысутных вітала рэктар універсітэта, доктар гістарычных навук Ірына Кітурка. Яна павіншавала калектыў аўтараў з выхадам новага выдання, падзякавала за ўклад у развіццё філасофскай навукі і адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта ў галіне філасофскіх дысцыплін.
– Сёння кафедра філасофіі – гонар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Не маючы філасофскай спецыяльнасці ва ўніверсітэце як такой, падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі па гэтай дысцыпліне вядзецца настолькі граматна, што студэнты выбіраюць філасофію ў якасці асноўнага навуковага напрамку і паспяхова абараняюць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, ствараюць актуальныя, цікавыя і даступныя па зместу падручнікі, якія карыстаюцца попытам у ВНУ краіны. Падручнік, які сёння прэзентуецца, атрымаў высокую ацэнку з боку зацікаўленых прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, – адзначыла Ірына Кітурка.
Пра канцэпцыю навучальнага выдання расказаў арганізатар аўтарскага калектыву, рэдактар навучальнага выдання, прафесар кафедры філасофіі, доктар філасофскіх навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Чэслаў Кірвель.
Метадычную аснову і змест падручніка па дысцыпліне «Філасофія» прадставіў рэдактар вучэбнага выдання – старшыня РГА «Белая Русь», старшыня партыі «Белая Русь», намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га склікання, доктар філасофскіх навук, прафесар Алег Раманаў. Ён падкрэсліў, што вывучэнню філасофіі ў сучаснай сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі надаецца вялікае значэнне:
– Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка вельмі ўважліва ставіцца да працэсаў, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі краіны, у тым ліку ў сферы сацыяльна-гуманітарнага блока. Па яго ініцыятыве быў распрацаваны падручнік па дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», а таксама новы падручнік па дысцыпліне «Філасофія». Прыемна, што новы падручнік па філасофіі атрымаў высокую ацэнку з боку Кіраўніка дзяржавы.
Меркаваннем аб вучэбным выданні з боку акадэмічнай супольнасці падзяліліся загадчык кафедры гуманітарных навук Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Пётр Стэцкевіч, дацэнт кафедры адукацыйных тэхналогій Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Еўдакіменка, а таксама выконваючы абавязкі загадчыка кафедры філасофіі, кандыдат філасофскіх навук Аляксандра Дубравіна.
Адзначым, што ў новым навучальным дапаможніку змяшчаецца поўны курс філасофіі, структураваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі тыпавой вучэбнай праграмы па вучэбнай дысцыпліне «Філасофія» для ўстаноў вышэйшай адукацыі. Прыводзіцца інфармацыя аб такіх вядучых раздзелах філасофскіх ведаў, як анталогія, гнасеалогія, філасофская антрапалогія, сацыяльная філасофія і філасофія гісторыі. Разглядаюцца найноўшыя дасягненні сусветнай філасофіі. Аўтары звяртаюць увагу на трансфармацыю праблем сучаснай філасофскай думкі ў сферы геапалітыкі, культуры і навукі першай чвэрці ХХІ стагоддзя.
Навучальны дапаможнік адрасуецца студэнтам вышэйшых навучальных устаноў, магістрантам, аспірантам, выкладчыкам вышэйшай школы і ўсім, хто цікавіцца актуальнымі праблемамі філасофіі.