Маргарыта Меленец абрала спецыяльнасць "Сацыялогія", падаўшы дакументы на факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта.
Выпускніца сярэдняй школы №33 абласнога цэнтра Маргарыта Меленец падзялілася марай атрымліваць вышэйшую адукацыю менавіта ў сваім родным горадзе Гродна.
- Мне падабаецца мой горад, і я хачу вучыцца менавіта тут. Таму выбар Купалаўскага ўніверсітэта - вядучай рэгіянальнай ВНУ краіны - быў відавочным для мяне, - распавяла Маргарыта Меленец. - Было нечакана атрымаць памятны сувенір ад універсітэта ў момант падачы дакументаў. Я рэгістравалася па электроннай чарзе, прыйшла з арыгіналамі дакументаў у зручны для мяне час, і ў выніку сама працэдура падачы дакументаў заняла не больш за 20 хвілін. Вельмі хутка і зручна.

Уручаючы памятны сувенір двухтысячнаму абітурыенту, адказны сакратар прыёмнай камісіі Ірына Карлюкова адзначыла, што Маргарыту чакаюць у сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы 1 верасня ўжо ў якасці студэнткі першага курса. Ірына Карлюкова таксама выказала ўпэўненасць, што дзяўчына ніколі не расчаруецца ні ў абранай спецыяльнасці, ні ва ўстанове адукацыі.

Прыём дакументаў у абітурыентаў, якія выказалі жаданне навучацца за кошт сродкаў бюджэту, падыходзіць да завяршэння. 31 ліпеня - апошні дзень падачы дакументаў на бюджэтную форму навучання. Праца прыёмнай камісіі ў ГрДУ імя Янкі Купалы працягнецца да 15 жніўня. На працягу яшчэ двух тыдняў будзе ісці прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія жадаюць навучацца на платнай аснове.
