Мерапрыемства для супрацоўнікаў універсітэта адбылося 8 студзеня ў фармаце адкрытага дыялогу.
Удзельнікамі сустрэчы сталі намеснікі дэканаў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, куратары навучальных груп, работнікі структурных падраздзяленняў - усяго каля 200 чалавек.
Адкрыў мерапрыемства прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Купалаўскага ўніверсітэта Васілій Сянько. Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў актуальнасць сустрэчы і прадставіў дакладчыкаў дыялогавай пляцоўкі.
З дакладам на тэму "Палітычная бяспека як аснова грамадска-палітычнай стабільнасці суверэнітэту дзяржавы" выступіла кандыдат палітычных навук, намеснік дэкана юрыдычнага факультэта Вольга Лапа.
- Абароненасць палітычнай сістэмы нашай краіны ад унутраных і знешніх пагроз асабліва важная, паколькі ад яе стану залежыць здольнасць Беларусі рэалізоўваць незалежную дзяржаўную палітыку, - падкрэсліла Вольга Уладзіміраўна.
Таксама падчас гутаркі яна адзначыла, што адным з асноўных нацыянальных інтарэсаў у палітычнай сферы з'яўляецца забеспячэнне электаральнага суверэнітэту - права дзяржавы самастойна і незалежна арганізоўваць і праводзіць выбары ў мэтах забеспячэння рэалізацыі паўнаўладдзя народа і свабоды яго выбару пры вяршынстве Канстытуцыі і нацыянальнага заканадаўства.
Даклад на тэму "Палітычная бяспека як умова абароны нацыянальных інтарэсаў" прадставіла кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт кафедры паліталогіі і сацыялогіі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аксана Гаўрылік. У сваім дакладзе яна закранула паняцце палітычнай бяспекі, стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы, палітычную культуру як фактар палітычнай бяспекі і іншае. Дакладчыкам было адзначана, што ў адпаведнасці з праектам новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь палітычная бяспека - гэта стан абароненасці палітычнай сістэмы нашай краіны ад унутраных і знешніх пагроз, які забяспечвае рэалізацыю незалежнай дзяржаўнай палітыкі, гарманічнае развіццё грамадства, захаванне традыцыйных асноўных каштоўнасцяў беларускага народа, захаванне канстытуцыйных правоў і свабод асобы.
Аб асаблівасцях палітычнай культуры сучаснай моладзі расказаў кандыдат гістарычных навук, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце факультэта псіхалогіі Аляксандр Арлукевіч.
- Адносна невысокі ўзровень прыняцця маладымі грамадзянамі дэмакратычнай палітычнай культуры - адна з прычын самаўхілення моладзі ад грамадска-палітычных працэсаў у любой дзяржаве. Успрыманне моладдзю палітычных працэсаў і рэзанансных палітычных падзей мае надзвычай абстрактны характар, - адзначыў Аляксандр Арлукевіч.
Таксама ён расказаў пра такія паняцці, як анархічны негатывізм, інфармацыйная гігіена, пра інструменты патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання.
Напрыканцы мерапрыемства была зроблена выснова аб тым, што абароненасць палітычнай сістэмы нашай краіны ад унутраных і знешніх пагроз у сённяшніх складаных геапалітычных умовах крытычна важная, асабліва напярэдадні значных палітычных падзей.
Нагадаем, з 1 па 25 студзеня ў Беларусі праходзіць агітацыйны этап электаральнай кампаніі, а выбары Прэзідэнта адбудуцца 26 студзеня 2025 года.