Рэспубліканская акцыя "Марафон адзінства" працягвае сваё падарожжа па краіне. Яна стартавала 17 верасня, і зусім хутка маштабная падзея будзе ў Гродне. У рамках акцыі ў горадзе над Нёманам 18 студзеня адбудзецца захапляльны квэст "Гэта ўсё маё роднае".
Квэст - гэта займальнае інтэлектуальнае спаборніцтва для каманд, у якім удзельнікі пераходзяць ад этапу да этапу. Усяго іх дзесяць, і кожны з іх прысвечаны асобнай тэме.
Зарэгістравацца для ўдзелу можна па спасылцы. Удзельнікі могуць атрымаць да 20 дадатковых балаў пры праходжанні квэста, для гэтага трэба выканаць дамашняе заданне. Камандам прапануецца зняць кароткі відэаролік, у якім яны прызнаюцца ў любові гораду на чыгуначным вакзале, а таксама трэба зрабіць фатаграфію на фоне Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра па вул. Маставая, 35. Затым камандам неабходна размясціць усё гэта ў сваіх сацыяльных сетках і месэнджарах з хэштэгамі #МарафонАдзінства, #БРСМ, #ГэтаУсёМаёРоднае і паказаць на станцыі «Старт» у дзень правядзення квэста, за кожнае выкананае заданне можна атрымаць па 10 балаў.
Падчас гульні ўдзельнікам таксама неабходна адказаць на пытанні, звязаныя з гісторыяй Рэспублікі Беларусь і горада, дзе праводзіцца мерапрыемства. Марафонцам трэба будзе бліснуць ведамі па беларускай мове і літаратуры, цікаўных фактах аб нашай краіне і яе дасягненнях, аб выдатных асобах, якія нарадзіліся на беларускай зямлі, месцах і прадуктах, якія сталі сімваламі Беларусі, а таксама аб беларускай кухні.
Акрамя таго, на музычным этапе ўдзельнікам трэба будзе выканаць заданні, звязаныя з класічнай і сучаснай беларускай музыкай. А на этапе "Бульба-дэнс" іх чакаюць танцавальна-гульнявыя заданні, якія падораць зарад бадзёрасці і пазітыву.
Папярэдняя рэгістрацыя закрываецца за дзве гадзіны да пачатку працы квэста, у Гродне ён пройдзе 18 студзеня ў 11.00 на пляцоўцы перад Лядовым палацам спорту.