У рамках супрацоўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы 29 лістапада 2015 года ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора адбыўся мастацкі культурна-асветніцкі вечар «Уладзімір Караткевіч і хрысціянства», прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка.
У сустрэчы прынялі ўдзел настаяцель Свята-Пакроўскага сабора протаіерэй Георгій Рой, святар Свята-Пакроўскага сабора іерэй Павал Каспяровіч, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, дацэнт кафедры польскай філалогіі Анатолій Брусевіч і насельнік Свята-Жыровіцкага манастыра манах Іаан Бембель (Зніч) ,
У прывітальным слове пробашч Пакроўскага сабора протаіерэй Георгій Рой перадаў усім благаслаўленне ад арцыбіскупа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія і прадставіў сваё меркаванне аб няпростых адносінах Караткевіча з Богам.
Прафесар нашай ВНУ Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч выступіў з цікавым дакладам «Уладзімір Караткевіч на мяжы беларускіх вераванняў». На думку Аляксея Міхайлавіча, кніга «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» - гэта мастацкі сплаў Біблейскай сітуацыі ў звычайных зямных умовах перыяду сярэднявечча. Прафесар адзначыў, што асаблівае «памежжа» народных вераванняў, прыроднай сілы адчування жыцця і хрысціянства заўсёды былі спадарожнікамі Караткевіча-творцы.
Насельнік Свята-Жыровіцкага манастыра манах Іаан Бембель (Зніч) пачаў свой выступ «Рэлігійны светапогляд Уладзіміра Караткевіча» вершам, якім у свой час віншаваў пісьменніка з 50-годдзем. Ян Бембель распавёў, што Караткевіч свае хрысціянскія погляды не хаваў на працягу свайго жыццёвага шляху: у жорсткія для вернікаў часы савецкай улады ён спяваў на клірасе і пісаў слова «Бог» з вялікай літары.
«Каб разгледзець «хрысціянскія матывы ў творчасці Караткевіча», з яго вершамі і кнігамі проста трэба пазнаёміцца», - адзначыў дацэнт Анатолій Брусевіч. Ідэя Вечнага Бога, Божага Слова, Любові, любові да радзімы, любові да чалавека - гэтыя асноўныя матывы гучаць, па словах Анатоля Аляксандравіча, не толькі ў апошніх зборніках мастака «Быў. Ёсць. Буду», але і ў самых першых.
Святар Свята-Пакроўскага сабора іерэй Павал Каспяровіч у ходзе дакладу «Другое Прышэсце ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» вызначыў спрэчныя моманты, якія маюць месца ў мастацкай рэчаіснасці гэтага твора і разыходзяцца з евангельскім разуменнем Хрыста.