У Мінску прайшоў беларуска-кітайскі маладзёжны інавацыйны форум «Новыя гарызонты 2015», арганізаваны з мэтай актывізацыі супрацоўніцтва моладзі Беларусі і Кітая ў галіне навукі, інавацыйнай дзейнасці і культуры.
У шырокамаштабнай навуковай сустрэчы прыняў удзел старшы выкладчык кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Сяргеевіч Антонаў.
У рамках форуму была арганізавана работа навукова-практычнай канферэнцыі. На секцыі «Тэхніка, абсталяванне і новыя матэрыялы» А.С. Антонаў прадставіў даклад «Метадалагічныя падыходы да аптымальнага выбару дысперсных мадыфікатараў высокамалекулярных матрыц» на кітайскай мове.
Таксама падчас форуму прайшоў конкурс навукова-тэхнічных распрацовак і інавацыйных праектаў студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і маладых навукоўцаў дзвюх краін «Твая творчасць - тваё жыццё». Свае распрацоўкі ўдзельнікі прадстаўлялі ў дзвюх намінацыях: «Лепшая навукова-даследчая праца» і «Лепшы інавацыйны праект». Аляксандр Сяргеевіч Антонаў прэзентаваў два праекты: навукова-даследчы «Прынцыпы рэалізацыі феномену нанастану ў матэрыялазнаўстве машынабудаўнічых кампазітаў» (аўтары - С.В. Аўдзейчык, А.С. Антонаў, А.С. Варанцоў, Е.І. Эйсымонт) і інавацыйны «Высокатрывалыя трыбатэхнічныя матэрыялы на аснове політэтрафторэтылену» (аўтары - А.С. Антонаў, В.У. Варапаеў, А.С. Варанцоў). Матэрыялы заяўленых праектаў выкладчык прадставіў на экспазіцыях выставы навукова-тэхнічных распрацовак і інавацыйных праектаў «Стваральнік будучыні» ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
Па выніках форуму А.С. Антонаў быў адзначаны дыпломам III ступені ў намінацыі «Лепшая навукова-даследчая праца» конкурсу навукова-тэхнічных распрацовак і інавацыйных праектаў «Твая творчасць - тваё жыццё» і узнагароджаны сертыфікатам на бясплатную падрыхтоўку інвестыцыйнай прапановы ад Рэспубліканскага інавацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-тэхналагічны парк БНТУ» Палітэхнік».
З усімі навінамі факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання можна азнаёміцца тут.