У рамках прафарыентацыйнай працы ў навуковай бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася сустрэча прадстаўнікоў юрыдычнага факультэта з вучаніцамі сярэдняй школы № 3 г.п. Зэльва, удзельніцамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве Аляксандрай Рудай і Лідзіяй Памозкавай.
Школьніцы атрымалі кансультацыю намесніка дэкана юрыдычнага факультэта, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Марыны Яцэкаўны Калацэй па навуковай працы «Крымінальны пераслед нацысцкіх злачынцаў за злачынствы, учыненыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны», якую вучаніцы рыхтуюць на абласны конкурс навукова-даследчых работ «Крыштальная альфа».
На сустрэчу быў запрошаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Яўгеній Мікалаевіч Далідовіч, які ў 1990-2000-я гг. працаваў выкладчыкам кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі на факультэце. Сёння ён з'яўляецца ганаровым членам ветэранскай арганізацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яўгеній Мікалаевіч у 70-я гады займаўся расследаваннем злачынстваў гітлераўцаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі, таму школьніцы змаглі атрымаць неабходную ім інфармацыю па дадзенай тэматыцы.
Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Зэльвенскай сярэдняй школы № 3 Таццяна Пятроўна Бабарыка і вучаніцы падзякавалі Я.М. Далідовічу і кіраўніцтву юрыдычнага факультэта за магчымасць зносін, атрымання кансультатыўнай дапамогі ў сценах купалаўскай ВНУ і выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва.
З усімі навінамі юрыдычнага факультэта можна азнаёміцца тут.