Ужо дзявяты раз будзе арганізавана работа навучальнага семінара "Школа важацкага майстэрства" для студэнтаў, якія плануюць працаваць у дзіцячых аздараўленчых лагерах у складзе студэнцкіх педагагічных атрадаў універсітэта. Купалаўцы з 20 лютага па 24 красавіка будуць наведваць заняткі, накіраваныя на павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў, якія плануюць працаваць важатымі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах.
Навучальная праграма складзена ў рамках канцэпцыі выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, змяшчае тэарэтычныя і практычныя матэрыялы, а таксама трэнінгі, якія могуць прымяняцца ў рабоце. Рабят пазнаёмяць з арганізацыяй эфектыўнай працы з байцамі студэнцкага педагагічнага атрада, са спецыфікай працы ва ўмовах дзіцячага аздараўленчага лагера, раскажуць аб асновах заканадаўства аб працы, а таксама асноўных нарматыўных прававых актах, якія рэгулююць працоўныя адносіны ў студэнцкім атрадзе. Удзельнікам раскажуць аб правілах аказання першай даўрачэбнай дапамогі, аб ахове працы і тэхніцы бяспекі.
Запрошаныя выкладчыкі, студэнты і дырэктары лагераў таксама плануюць падзяліцца са студэнтамі асновамі арганізатарскай дзейнасці важатага і яго службовымі абавязкамі, аб псіхалогіі паводзін дзяцей, методыцы афармлення атрадных куткоў і культурна-дасугавай дзейнасці.
Плануецца, што сёлета навучанне з дапамогай дыскусій, індывідуальнай і самастойнай работы пройдзе каля 200 чалавек. Па выніках семінара ўдзельнікі атрымаюць сертыфікаты аб паспяховым заканчэнні навучання ў "Школе важацкага майстэрства".