Яе распрацоўшчыкамі сталі вучоныя фізіка-тэхнічнага факультэта. Вынаходства дазволіць вывучаць на новым узроўні электрычныя і механічныя ваганні.
Вынаходства стала вынікам работ па праекце "Распрацоўка і выраб уніфікаваных установак для лабараторнага практыкума і дэманстрацый па агульнай фізіцы (ваганні, электрычнасць і магнетызм)", які фінансуецца за кошт сродкаў фонду інавацыйнага развіцця ўніверсітэта. Дадзеная лабараторна-дэманстрацыйная ўстаноўка не мае прамых аналагаў і валодае высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі.
Устаноўка створана для выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Яна дазволіць вывесці выкладанне фізікі на новы ўзровень. Навучэнцы змогуць выканаць 8 лабараторных работ пры дапамозе адной гэтай вынаходкі. Цяпер для кожнага віду выкарыстоўваюць асобнае абсталяванне.
Устаноўка распрацавана прафесарам кафедры тэарэтычнай фізікі і цеплатэхнікі Іосіфам Зейліковічам сумесна з дацэнтам кафедры тэарэтычнай фізікі і цеплатэхнікі Аляксандрам Нікіціным. Механічная частка ўстаноўкі выраблена пры ўдзеле дацэнта кафедры электратэхнікі і электронікі Аляксандра Васілевіча на базе навукова-тэхналагічнага парка Купалаўскага ўніверсітэта.
Мікрапрацэсарны блок кіравання ўстаноўкай і праграмнае забеспячэнне для яго распрацаваны студэнтамі 4 курса спецыяльнасці «Фізіка (вытворчая дзейнасць)» Прохарам Макеем і Карнеем Савам пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры электратэхнікі і электронікі Андрэя Германа.
У выніку выканання праекта створана доследная партыя з пяці прылад. Прадугледжваецца арганізацыя серыйнай вытворчасці распрацаваных установак, у тым ліку для паставак на экспарт.

