У 2024/2025 навучальным годзе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў трэці раз праводзіць шматпрофільную ўніверсітэцкую алімпіяду, па выніках якой абітурыенты маюць права на залічэнне без уступных іспытаў пры паступленні на спецыяльнасці, якія адпавядаюць вучэбнаму прадмету профільнай алімпіяды.
Заключны этап шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды пройдзе 22 і 23 лютага 2025 года.
22 лютага пройдуць алімпіяды па вучэбных прадметах «Матэматыка», «Біялогія», «Гісторыі Беларусі», «Руская мова. Руская літаратура».
23 лютага адбудуцца алімпіяды па навучальных прадметах «Англійская мова», «Беларуская мова. Беларуская літаратура» і «Хімія».
Месца правядзення заключнага этапа: г. Гродна, вул. Ажэшкі, 22 (галоўны корпус Купалаўскага ўніверсітэта).
Рэгістрацыя ўдзельнікаў пройдзе з 10.00 да 10.30. Пачатак алімпіяды -11.00.
Працягласць алімпіяд складае ад 90 да 120 хвілін. Працягласць кожнай канкрэтнай алімпіяды пазначана на сайце abit.by і ў Лічбавым кабінеце абітурыента.
Пры сабе ўдзельнікам абавязкова мець:
1) дакумент, які сведчыць асобу;
2) даведку з установы адукацыі аб тым, што ўдзельнік з'яўляецца навучэнцам 11 класа;
3) сінюю шарыкавую ручку.
Удзельнікам алімпіяды па матэматыцы неабходна мець дадатковыя пісьмовыя прылады (аловак, лінейка, гумка). На алімпіядзе па хіміі можна выкарыстоўваць найпрасцейшы калькулятар (як на ЦТ і ЦЭ).
Даведачна. Уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені змогуць паступіць на 26 спецыяльнасцей Купалаўскага ўніверсітэта без уступных іспытаў.
Шматпрофільная ўніверсітэцкая алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы ўключае ў сябе ў 2024-2025 навучальным годзе 8 профільных алімпіяд па 7 вучэбных прадметах: «Біялогія», «Матэматыка», «Хімія», «Гісторыя Беларусі», «Англійская мова», «Руская мова. Руская літаратура» і «Беларуская мова. Беларуская літаратура».
Алімпіяда па вучэбным прадмеце «Біялогія» праводзіцца для дзвюх розных груп спецыяльнасцей: група 1 – «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя», «Псіхалогія», «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» і група 2 - «Біялогія», «Экалогія», «Фундаментальная і прыкладная біятэхналогія».