
24 лютага ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках святкавання юбілея адбылася выдатная падзея – паэтычны вернісаж «Табе, AlmaMater, я песню складаю». Удзельнікамі мерапрыемства сталі студэнты, магістранты, выкладчыкі, супрацоўнікі ўніверсітэта і госці, якія падзяліліся сваім творчым натхненнем і ўспамінамі пра родны ўніверсітэт.
Распачала творчую сустрэчу Вікторыя Смолка, выпускніца філалагічнага факультэта, якая з цеплынёю ўспомніла гады навучання ва ўніверсітэце, а таксама прачытала свае новыя вершы, прысвечаныя студэнцкай моладзі, роднаму ўніверсітэту і Гародні.
Вернісаж стаў сапраўдным святам паэзіі, дзе гучалі не толькі вершы Янкі Купалы, але і аўтарскія творы, напісаныя сучаснымі талентамі. Кожны ўдзельнік меў магчымасць падзяліцца сваімі думкамі і пачуццямі, што зрабіла мерапрыемства надзвычай пранікнёным.
Асаблівай адметнасцю мерапрыемства стаў актыўны ўдзел замежных студэнтаў, якія ўважліва слухалі выступоўцаў. Іх прысутнасць надала вернісажу міжнародны каларыт і паказала, як паэзія можа аб'яднаць людзей, нягледзячы на мову і культурныя адрозненні.
Падчас імпрэзы адбылася чарговая прэзентацыя літаратурнага аб’яднання «Наднёманскія галасы», якое існуе з 1958 года. Дацэнт кафедры беларускай філалогіі Святлана Тарасава, кіраўнік літаб’яднання, прадставіла новых удзельнікаў, прачытала свае радкі-прызнанні ў любові да роднага ўніверсітэта, а таксама дала слова пісьменнікам-пачаткоўцам, каторыя пазнаёмілі прысутных са сваімі творчымі пошукамі.
Таксама паэтычным радком павіншавалі ўніверсітэт магістранты Цімацей Махаілоўскі, Вольга Навіцкая, студэнты Віялета Гук, Ганна Гук, Уладзіслаў Буры, Марыя Краснюк, выкладчык-стажор Дзіяна Калеснік.
Вялікую ўвагу і цікавасць у прысутных выклікалі словы выпускніцы філалагічнага факультэта 1981 года Людмілы Кебіч, якая сёння з’яўляецца старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Людміла Антонаўна расказала прысутным пра свае гады вучобы ва ўніверсітэце, а таксама прачытала вершы з новага зборніка паэзіі і ўрывак з кнігі прозы «Дамінанты лёсу».
Чытальная зала бібліятэкі ператварылася ў платформу для выказвання ідэй, дзе моладзь і дасведчаныя паэты маглі абмяняцца досведам і ўражаннямі. Шмат хто з удзельнікаў распавядаў пра тое, як паэзія і літаратура паўплывалі на іх жыццё, а таксама пра тое, як яны знаходзяць натхненне ў творчасці Янкі Купалы.
Гасцей чакала цёплая атмасфера, якая спрыяла ўзаемадзеянню і творчаму абмену. У кожным выступленні адчувалася глыбокая павага да беларускага слова і культуры, а таксама жаданне працягваць традыцыі, закладзеныя славутымі папярэднікамі. Удзельнікі пакінулі мерапрыемства з натхненнем і новымі ідэямі, гатовыя працягваць развіваць мастацтва слова і дарыць свету свае творы.