Другі раз удзельнічалі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы ў Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур. У гэтым годзе “Студэнцкі карагод” расшырыўся: разам са студэнтамі розных факультэтаў у свяце прынялі ўдзел студэнты з Туркменістана, Турцыі, Кітая, Ірака, Азербайджана, якія вучацца ва універсітэце, а таксам госці – студэнты Кабардзіна-Балкарскага дзяржаўнага універсітэта (г. Нальчык, Расійская Федэрацыя) і Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. У першы дзень свята калона купалаўцаў прайшла па цэнтральных вуліцах горада, студэнты ўдзельнічалі ва ўрачыстым адкрыцці VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур на стадыёне “Нёман”.
У другі дзень фестывалю каля галоўнага корпуса універсітэта працавала некалькі пляцовак. На адной з іх выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці ГрДУ і госці з іншых універсітэтаў. Гледачам была прадстаўлена канцэртна-забаўляльная праграма “Уквецім жыццё творчасцю”.
Замежныя студэнты і слухачы падрыхтоўчага аддзялення ў нацыянальных касцюмах сустракалі гасцей, частавалі нацыянальнымі стравамі, расказвалі аб сваіх краінах.
Побач працавала дзіцячая пляцоўка “Казка”. Маленькія наведвальнікі “Студэнцкага падворка” маглі ўдзельнічаць у гульнях, спартыўных спаборніцтвах, віктарынах.
Студэнты расказвалі гасцям аб сваім універсітэце, былі прадстаўлены фотапрэзентацыя “Універсітэт у тварах”, слайд-шоу “Універсітэт вачыма замежных студэнтаў”, фотавыстава “Ёсць такая нацыя – Студэнты!”.
На ўрачыстым адкрыцці “Студэнцкага падворка” прысутнічалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Паўлавіч Латушка і старшыня ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Часлававіч Лойка. Павел Паўлавіч Латушка шчыра павіншаваў гродзенскіх студэнтаў з такім цудоўным святам, пагутарыў з замежнымі студэнтамі аб жыцці ў Беларусі і вучобе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце.
Танцавальны марафон “Энергія, прыгажосць, гармонія” завяршаў працу “Студэнцкага падворка”.








