Фальклорна-этнаграфічная група студэнтаў чацвёртага курса факультэта гісторыі і сацыялогіі ладзіла Каляды.
23 снежня 2010 года звычайнае вучэбнае жыццё універсітэцкага корпуса № 10 па вуліцы Кастрычніцкай “узбударажылі” і ажывілі калядоўшчыкі. Гэта наведвала кабінеты і аўдыторыі фальклорна-этнаграфічная група студэнтаў чацвёртага курса факультэта гісторыі і сацыялогіі, якія былі апрануты ў беларускія народныя строі, з каляднай сімволікай і элементамі тэатралізацыі. Яны музыкай і спевамі віталі выкладчыкаў, студэнтаў, супрацоўніукаў вучэбнага корпуса, віншавалі з нараджэннем Хрыстовым. Гучалі шматлікія і вельмі добрыя пажаданні. Непаўторнае ўражанне пакінулі выступленні каляднай “казы”, “чорта” і дрэсіраванага ў Смаргонскай акадэміі “мядзведзя”.
8 студзеня 2011 года група студэнтаў і выкладчыкаў факультэта гісторыі і сацыялогіі прыняла ўдзел у фальклорнай вечарыне “Каляды”, якая адбылася у аграсядзібе “Пагасцім у заказніку” (Гродзенскі раён, вёска Дубінка, Дзяржаўны ландшафтны заказнік “Азёры”). Яны сталі ўдзельнікамі тэатралізаванага святкавання Калядаў, удзельнічалі ў абрадах і гульнях, частаваліся беларускімі традыцыйнымі каляднымі стравамі. Да багатага духоўнага свету нашых продкаў удзельнікаў святкавання Калядаў далучалі таксама ўжо згаданыя студэнты чацвёртага курса, якія выступілі ў ролі артыстаў-калядоўшчыкаў. Яны спявалі і танцавалі, гралі на дудзе, прадставілі “казу”, “чорта” і дрэсіраванага “мядзведзя”.






