27 лютага ў Купалаўскім універсітэце прайшло ўрачыстае пасяджэнне Савета ўніверсітэта. У межах мерапрыемства купалаўцам былі ўручаны ганаровыя ўзнагароды.
У пасяджэнні прынялі ўдзел выкладчыкі, супрацоўнікі, студэнты, выпускнікі, ветэраны працы, а таксама ганаровыя госці Купалаўскага ўніверсітэта. Сярод ганаровых гасцей – рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы з 2005 па 2013 год Яўгеній Роўба, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы з 2013 па 2017 год Андрэй Кароль, кіраўнік Адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна Ігар Бабыр, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Клімовіч, начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Максім Малахоўскі, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Максім Давыдаў, дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, палкоўнік міліцыі Алег Пятрышча.
Павіншаваць універсітэт з юбілеем прыехалі таксама кіраўнікі дэлегацый арганізацый-партнёраў, з якімі яго звязвае цеснае супрацоўніцтва на міжнародным узроўні: Ісламбек Рустамбекаў, рэктар Ташкенцкага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта; Сяргей Грышын, прарэктар па сацыяльнай і выхаваўчай працы Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта; Алімжон Рыскулаў, дэкан сумеснага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта – Ташкенцкага дзяржаўнага транспартнага ўніверсітэта; Вольга Вараб'ёва, вядучы супрацоўнік аддзела гісторыка-тэарэтычных даследаванняў Інстытута ўсеагульнай гісторыі РАН; Юнцзюнь Ду, прэзідэнт Асацыяцыі ЮНЕСКА правінцыі Ганьсу; Яацянь Ван, заснавальнік адукацыйнага цэнтра “Яацянь” і Фуцян Чжаа, старшыня аб’яднання “Еўраазіяцкі Мост”.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, якая адзначыла, што да 85-годдзя ўніверсітэта калектыў падышоў са значнымі дасягненнямі ў вучэбнай, навуковай і культурнай сферах дзейнасці:
– Сёння я хачу выказаць словы падзякі, у першую чаргу, папярэднім пакаленням, на падмурку якіх мы ўпэўнена стаім і глядзім у будучыню. Яны ўпісалі залатымі літарамі ў летапіс нашага ўніверсітэта вялікія дасягненні, адыгралі важную ролю ў развіцці Гродзенскага рэгіёна. За гады свайго існавання ўніверсітэт выпусціў больш чым 130 тысяч выпускнікоў, з якіх амаль 90% працуе на карысць Гродзеншчыны. Дзякую прафесарска-выкладчыцкаму складу за тое, што вучыце студэнтаў вучыцца на працягу ўсяго жыцця, каб быць заўсёды канкурэнтаздольнымі. А дзякуючы плённай працы навукоўцаў-купалаўцаў, наш універсітэт быў двойчы занесены на Рэспубліканскую Дошку гонару ў якасці навуковай арганізацыі.
Ірына Фёдараўна падкрэсліла і ўнёсак купалаўцаў у патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, а таксама падзякавала ўсім супрацоўнікам, якія сваёй штодзённай руплівай працай імкнуцца да найлепшых вынікаў.
– Гродзенскі ўніверсітэт, створаны ў 1940 годзе на базе Настаўніцкага інстытута, быў першым з ліку навучальных устаноў на землях Заходняй Беларусі. І гэтае лідарства, напэўна, увайшло ў генетычны код купалаўца, бо мы сапраўды ва ўсім імкнёмся быць першымі, у тым ліку і перад самім сабой, – сказала рэктар.
Звяртаючыся да студэнтаў, Ірына Фёдараўна адзначыла, што ёй асабліва прыемна насіць імя “мама ўніверсітэта”, і ўзгадала заслужаныя поспехі і перамогі студэнтаў у канферэнцыях, алімпіядах, конкурсах, з якіх складаецца агульная скарбонка дасягненняў універсітэта.
– Засталося ўсяго 15 гадоў да векавога юбілею. Што такое 15 гадоў? Гэта 15 набораў і 15 выпускаў, гэта ўсяго тры “Стратэгіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы”. У 2025 годзе мы працуем паводле “Стратэгіі апераджальнага развіцця”, а, адсвяткаваўшы юбілей, пачнём ствараць новую “Стратэгію”, якая павядзе наш універсітэт да новых вяршынь, – адзначыла кіраўнік універсітэта.
Рэктар выказала прызнанне партнёрам і прадпрыемствам, разам з якімі вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў, органам дзяржаўнай улады за падтрымку ўсіх ініцыятыў і пачынанняў, міжнародным арганізацыям і калегам, дзякуючы якім Купалаўскі ўніверсітэт не мае межаў, рэктарам, якія складаюць рэктарскі корпус Рэспублікі Беларусь.
Напрыканцы свайго выступлення Ірына Фёдараўна выказала спадзяванне, што, дзякуючы новым ідэям, планам і задачам, наступныя 15 гадоў да святкавання 100-гадовага юбілею прайдуць на самым высокім узроўні.
У межах урачыстага пасяджэння Савета ўніверсітэта купалаўцам былі ўручаны ганаровыя ўзнагароды і прагучалі музычныя віншаванні.