Да ўдзелу ў алімпіядзе, якая праводзіцца на філалагічным факультэце штогод, запрашаюцца вучні 9-11 класаў і навучэнцы каледжаў.
У межах першага – завочнага – туру вучням неабходна будзе выканаць тэкстава-творчае заданне: скласці мастацкі міні-тэкст у любой малой эпічнай форме і даслаць яго на адрас электроннай пошты кафедры беларускай філалогіі gkaranev@grsu.by. Гэта можа быць мініяцюра, абразок, гумарэска, навэла, апавяданне і інш.
Заяўкі на ўдзел у алімпіядзе трэба падаць да 2 красавіка. Даслаць мастацкі міні-тэкст – да 3 красавіка. Вынікі завочнага туру будуць падведзены 22 красавіка.
У другім туры прымуць удзел тыя, хто па выніках першага туру выявілі дастатковыя творчыя здольнасці і лінгвістычную падрыхтоўку. Плануецца, што падчас другога туру вучні выканаюць комплексную работу па беларускай мове і літаратуры, а таксама прачытаюць верш на памяць. Даты правядзення вочнага этапу ўдакладняюцца.
Пераможцы і прызёры алімпіяды будуць вызначаны журы па выніках праходжання двух этапаў. Навучэнцы, якія прымалі ўдзел у алімпіядзе, атрымаюць сертыфікаты ўдзельніка. Пераможцы змогуць скарыстацца пераважным правам пры паступленні на вочную форму атрымання вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Беларуская філалогія” у ГрДУ імя Янкі Купалы ў выпадку спрэчнай конкурснай сітуацыі.
Як распавялі арганізатары, асноўнымі мэтамі і задачамі алімпіяды з’яўляюцца папулярызацыя навуковых ведаў і развіццё ў школьнікаў інтарэсу да беларускай мовы і літаратуры, стварэнне аптымальных умоў для выяўлення адораных і таленавітых школьнікаў, іх далейшага інтэлектуальнага і творчага развіцця, а таксама прафесійнай арыентацыі.