Удзельнікамі фінальнага тура алімпіяды, арганізаванай кафедрай беларускай філалогіі філалагічнага факультэта, сталі больш за трыццаць вучняў школ Гродзеншчыны.
Усе туры алімпіяды ў 2020 годзе адбыліся дыстанцыйна. У межах першага – завочнага – туру вучням было неабходна выканаць тэкстава-творчае заданне: скласці мастацкі міні-тэкст у любой малой эпічнай форме: мініяцюра, абразок, гумарэска, навэла, апавяданне і інш.
Тыя, хто па выніках першага туру прадэманстравалі дастатковыя творчыя здольнасці і лінгвістычную падрыхтоўку, прынялі ўдзел ў фінальным этапе, які праводзіўся ў фармаце дыстанцыйных тэстаў па беларускай мове і літаратуры. Акрамя таго, школьнікі прачыталі вершы ў відэафармаце і даслалі іх у аргкамітэт.
Як распавялі арганізатары, асноўнымі мэтамі і задачамі алімпіяды з’яўляюцца папулярызацыя навуковых ведаў і развіццё ў школьнікаў інтарэсу да беларускай мовы і літаратуры, стварэнне аптымальных умоў для выяўлення адораных і таленавітых школьнікаў, іх далейшага інтэлектуальнага і творчага развіцця, а таксама прафесійнай арыентацыі.
Па выніках алімпіяды першае месца падзялілі вучань 11 класа навукова-педагагічнага комплексу “Канвелішскія яслі-сад-сярэдняя школа” Віктар Буйноўскіс, вучаніца 10 класа сярэдняй школы №38 г. Гродна Марыя Статкевіч і вучаніца 11 класа гімназіі №3 г. Гродна Маргарыта Пятрова.
На другім месцы вучань 11 класа навукова-педагагічнага комплексу “Канвелішскія яслі-сад-сярэдняя школа” Улад Станкевіч, вучні 11 класа сярэдняй школы №38 г. Гродна Юлія Клімовіч і Анастасія Рэвіна, а таксама вучаніца 7 класа сярэдняй школы №40 г. Гродна Елізавета Мулярчык.
Трэцяе месца занялі прадстаўніца гімназіі №6 г. Гродна Дар’я Марда, вучні 9 класа сярэдняй школы №38 г. Гродна Вiкторыя Пецкель і Дар'я Біндзей, вучань 7 класа сярэдняй школы №40 г. Гродна Аляксандр Мільяненка.
Навучэнцы, якія прымалі ўдзел у алімпіядзе, атрымаюць сертыфікаты ўдзельніка. Пераможцы змогуць скарыстацца пераважным правам пры паступленні на вочную форму атрымання вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Беларуская філалогія” ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў выпадку спрэчнай конкурснай сітуацыі.