Больш за 120 педагогаў горада і вобласці наведалі тэматычныя навукова-практычныя семінары «Ад творчага пошуку, удасканалення прафесійных кампетэнцый - да Алімпу», якія з 21 па 24 сакавіка 2016 года прайшлі на базе факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
На семінары па гісторыі беларусі старшы выкладчык кафедры гісторыі беларусі, археалогіі і спецыяльных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Алег Уладзіміравіч Каляга падзяліўся вопытам правядзення інтэрнэт-заняткаў па гісторыі Беларусі, а таксама распавёў аб магчымасцях павышэння цікавасці вучняў да прадмету з дапамогай актыўнага выкарыстання інтэрактыўнай дошкі.
Старшы выкладчык кафедры батанікі факультэта біялогіі і экалогіі Людміла Вячаславаўна Кавалеўская прадставіла аўтарскія метады падрыхтоўкі школьнікаў да цэнтралiзаванага тэсцiравання па біялогіі. Людміла Вячаславаўна адзначыла, што прыёмы заснаваныя на выніках шматгадовай працы выкладчыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы з тэстамі і кансультацыямі па выніках напісання ЦТ.
На семінары па беларускай мове дацэнт кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства філалагічнага факультэта Марыя Антонаўна Якалцэвіч абмеркавала з педагогамі вобласці нюансы тэставых заданняў па беларускай мове і падзялілася вопытам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі па аналізе тэставых заданняў у рамках паслугі «Рашаем тэсты разам».
Выкладчык кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Алена Іванаўна Бутрым назвала тыповыя памылкі абітурыентаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па замежнай мове і пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з аўтарскай сістэмай па арганізацыі падрыхтоўкі да ЦТ навучэнцаў.
Намеснік дэкана факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Мікалай Лявонцьевіч Мыслівец, загадчык кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі Ірына Аляксандраўна Карлюкова і спецыяліст кафедры Таццяна Генадзьеўна Дамброўская распавялі пра асноўныя кірункі прафарыентацыйнай і маркетынгавай дзейнасці. Акрамя таго, выкладчыкі адзначылі зацікаўленасць факультэта ў развіцці цеснага супрацоўніцтва са школамі, гімназіямі і ліцэямі вобласці, накіраванага на фарміраванне якаснага кантынгенту абітурыентаў, а таксама садзейнічанне іх прафесійнаму і асобаснаму самавызначэнню.
Падчас семінара выкладчыкі купалаўскага ўніверсітэта правялі анкетаванне сярод педагогаў, якія падкрэслілі актуальнасць і неабходнасць правядзення падобных сустрэч. Акрамя таго, удзельнікі прапанавалі праводзіць семінар не толькі ў вочнай, але і ў дыстанцыйнай форме. У гэтым напрамку факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ўжо актыўна працуе. Для выкладчыкаў матэматыкі ў лютым гэтага года дацэнт матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных раўнанняў і алгебры, кандыдат фізіка-матэматычных навук Ірына Барысаўна Прасвірніна арганізавала вэбінар «Тэорыя вузлоў у школьным курсе матэматыкі».
Варта адзначыць, што семінары па гісторыі беларусі, біялогіі, рускай і англійскай мовах працягнулі круглагодны семінар для настаўнікаў матэматыкі, які пачаў сваю працу ў 2014/2015 навучальным годзе і стаў папулярны сярод педагогаў вобласці. Такія сістэматычныя сустрэчы накіраваны на аптымізацыю педагагічных і прадметна-змястоўных аспектаў адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах для дасягнення высокіх якасных паказчыкаў пры працы з адоранымі навучэнцамі ў рамках алімпіяднага руху і падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання.
Ініцыятарам семінараў з педагогамі Гродзеншчыны выступіла загадчык кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ірына Аляксандраўна Карлюкова.