![3358 1](/images/gallery/2016/12/3358_1.jpg)
Для прадстаўнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы аб'яўлены конкурс на атрыманне стыпендый для навучання на працягу аднаго або двух семестраў ў Пекінскім тэхналагічным інстытуце.
Купалаўцы могуць атрымаць адну з трох стыпендый Савета Кітая па Стыпендыях для студэнтаў, якія жадаюць навучацца ў магістратуры або аспірантуры Пекінскага тэхналагічнага інстытута. Такая стыпендыя пакрывае выдаткі на навучанне, медыцынскую страхоўку і штомесячныя выдаткі на пражыванне ў памеры 3 000 юаняў для магістрантаў і 3 500 для аспірантаў. Выплачваецца студэнтам на працягу іх знаходжання ў Пекінскім тэхналагічным інстытуце (2 гады для магістрантаў і 4 гады для аспірантаў). Міжнародныя авіяпералёты не аплачваюцца.
Таксама для студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы маецца магчымасць атрымаць адну з пяці стыпендый Пекінскага тэхналагічнага інстытута для вучобы па абмене ў 2017/2018 навучальным годзе.
Стыпендыя Пекінскага тэхналагічнага інстытута пакрывае выдаткі на навучанне і пражыванне ў кампусе. Выплачваецца на працягу праграмы абмену. Студэнты па абмене могуць навучацца як па стандартных навучальных праграмах на англійскай ці кітайскай мовах, так і па праграмах, якія выкладаюцца толькі на кітайскай мове. Запрашаюцца студэнты ўсіх ступеняў атрымання вышэйшай адукацыі, акрамя студэнтаў першага курса. Працягласць праграмы абмену - ад аднаго семестра да двух для праграм на кітайскай мове.
Пасля намініравання кандыдатаў Пекінскі тэхналагічны інстытут звязваецца з імі персанальна для тлумачэння працэдуры заяўкі.
Па дадатковую інфармацыю можна звяртацца ў аддзел па працы з замежнымі студэнтамі і акадэмічнай мабільнасці (вул. Э. Ажэшкі, 22, аўд. 216, тэл. 68-12-44).