VIII Фестываль практычнай псіхалогіі "Свет у псіхалогіі і псіхалогія ў свеце" адбудзецца ў ГрДУ імя Янкі Купалы 29-30 сакавіка. Яго тэмай стане псіхалогія ў бізнэсе.
Удзельнікі фестывалю атрымаюць новыя веды ў сферы псіхалогіі і канкрэтныя інструменты, якія змогуць выкарыстоўваць у бізнесе для вырашэння практычных пытанняў.
У рамках пленарнага пасяджэння навукоўцы-псіхолагі раскажуць пра віртуальную і рэальную праекцыі ўспрымання IT-бізнэсу, абмяркуюць актуальныя праблемы арганізацыі псіхалогіі і эмацыйны інтэлект як дзелавую кампетэнцыю будучага, а таксама вобласці прымянення псіхалагічных мадэляў у стратэгіі арганізацыйнага кансультавання.
Працягне фестываль праца шматлікіх майстар-класаў, дзе выкладчыкі ўніверсітэта, бізнес-трэнеры, коучы, арганізацыйныя кансультанты бізнес-структур прадэманструюць інавацыйныя псіхалагічныя тэхналогіі ў сферы бізнесу, раскажуць пра сакрэты кіравання персаналам і вядзення бізнес-перамоваў. Будуць арганізаваны майстар-класы аб маркетынгу для псіхолагаў і кліенцкім сэрвісе як канкурэнтнай перавазе бізнесу. Спікеры фестывалю раскажуць пра тое, як кіраваць сваім жыццём як праектам і навучаць выкарыстоўваць глыбіннае інтэрв'ю для разумення патрэбаў кліента.
Падчас фестывалю яго ўдзельнікаў запросяць на выставу-конкурс арт-работ і фотаработ "Псіхалагічны фармат", а таксама выставу творчых работ навучэнцаў і студэнтаў «Я і Псіхалогія».
Па словах дэкана факультэта псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Ганны Ракіцкай, фестываль практычнай псіхалогіі - гэта ўнікальная падзея для Гродна, Гродзенскай вобласці і Беларусі, якое дапамагае папулярызаваць псіхалагічныя веды, фарміраваць псіхалагічную культуру чалавека. У розныя гады Фестываль практычнай псіхалогіі прысвячаўся такім актуальным праблемам, як псіхалогія сям'і, псіхалогія гульні, псіхалагічная дапамога ў крызісных сітуацыях, псіхалагічнае здароўе асобы ў XXI стагоддзі. Арганізатары адзначаюць, што тэма бізнес-псіхалогіі сёння актуальная, ва ўсім свеце пастаянна расце патрэба ў бізнес-псіхалогіі. Сучасны бізнес звяртаецца да псіхалогіі ў пошуку новых магчымасцяў для развіцця, якія псіхалогія адкрывае праз разуменне эфектыўных камунікацый, якаснае кіраванне персаналам і нестандартны аналіз рынку, а таксама ўменне выбудоўваць адносіны з спажыўцом.
Кантактны тэлефон 8 (0152) 44-69-50
e-mail: kvippfest@gmail.com, n.volik@grsu.by
Іншыя навіны факультэта псіхалогіі можна знайсці на сайце.