Больш за 900 заняткаў у рэжыме онлайн штодня праводзяць выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта.
З пачатку гэтага тыдня ў аўдыторыях і калідорах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы нязвыкла ціха: да 8 мая адукацыйны працэс з мэтай забеспячэння бяспечных умоў перанесены ў віртуальную прастору. Практычна ўсе студэнты онлайн-заняткі «наведваюць» спраўна, сцвярджаюць выкладчыкі.
- Увесь адукацыйны працэс з захаваннем яго зместу і якасці падрыхтоўкі перанесены на адукацыйны партал універсітэта і арганізаваны ў онлайн-рэжыме, - распавяла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Калацэй. - Да таго, каб шырока выкарыстоўваць у арганізацыі навучальнага працэсу гэтую форму працы, наш універсітэт быў гатовы даўно. Справа ў тым, што адукацыйны партал ГрДУ імя Янкі Купалы функцыянуе ўжо больш за 10 гадоў. І сёння гэта не толькі сховішча інфармацыі, дзе сканцэнтраваны ўсе вучэбна-метадычныя комплексы па кожнай дысцыпліне, але і зручная пляцоўка для зносін паміж выкладчыкамі і студэнтамі.
Акрамя адукацыйнага партала, ва ўніверсітэце выкарыстоўваюцца і іншыя онлайн-платформы для віртуальных зносін выкладчыкаў са студэнтамі: WebEx, Zoom, Skype, а таксама сацыяльныя сеткі. Дарэчы, сам расклад вучэбных дысцыплін застаўся нязменным, былі ўнесены толькі некаторыя карэктывы: цяпер у раскладзе насупраць кожнай дысцыпліны замест нумара аўдыторыі паказваецца віртуальная платформа, а лабараторныя заняткі, для якіх патрабуецца выкарыстанне спецыяльнага абсталявання, перанесены на больш позні час.
- Ва універсітэце створаны ўсе ўмовы для правядзення аддаленых заняткаў. У нас ёсць і адукацыйны медыякомплекс, і кабінеты ў навуковай бібліятэцы, у якіх зручна працаваць выкладчыкам, - патлумачыла Марына Калацэй. - Акрамя таго, ва ўніверсітэце пры неабходнасці гатовыя аказаць і тэхнічную, і кансультатыўную дапамогу тым выкладчыкам, якія адчуваюць складанасці з арганізацыяй навучальнага працэсу ў новым фармаце. Для ўсіх выкладчыкаў падрыхтаваны пакрокавыя інструкцыі, яны размешчаны на адукацыйным партале універсітэта. У гэтых інструкцыях даюцца падрабязныя ўказанні, як правесці лекцыю, практычны, семінарскі або лабараторны занятак, а таксама як правесці тэставанне ў рэжыме онлайн. Такім чынам, на сённяшні дзень у нас забяспечаны тэхнічна і метадычна ўсе формы навучання і кантролю ведаў.
Паколькі другі семестр - гэта час падрыхтоўкі курсавых і дыпломных работ, у вучэбным раскладзе таксама прадугледжана правядзенне кансультацый як у онлайн, так і ў афлайн рэжыме. У ГрДУ імя Янкі Купалы ўпэўнены: якасць адукацыйнага працэсу не пацерпіць.
- Праводзіць лекцыі ў фармаце вебінара для мяне звыкла, - дзеліцца сваім меркаваннем за некалькі хвілін да пачатку чарговай онлайн-лекцыі дацэнт кафедры агульнай фізікі Наталля Валько. - Мае студэнты - гэта, у асноўным, будучыя праграмісты, і, можна сказаць, што ім нават цікавей так працаваць. Цяпер мы са студэнтамі маем зносіны, практычна, бесперапынна.
Студэнт Міхаіл, які прысутнічаў на лекцыі выкладчыка Наталлі Валько, у сваю чаргу, адзначыў, што змест навучання не змяніўся. Усе матэрыялы даступныя, з выкладчыкам наладжана зваротная сувязь, а гэта значыць, што і студэнты, і супрацоўнікі ўніверсітэта працягваюць эфектыўна працаваць. Больш за тое, кожны імкнецца атрымаць з сітуацыі, якая склалася, максімум карысці. Так, супрацоўнікі ўніверсітэта бачаць плюс, перш за ўсё, у тым, што ў бліжэйшыя два-тры тыдні яны змогуць значна павысіць свой узровень валодання інфармацыйна-камунікацыйнымі кампетэнцыямі.