Будучы педагог пачатковых класаў Паліна Пучко адзначыла, што дзякуючы электроннай рэгістрацыі працэдура падачы дакументаў апынулася хуткай і зручнай.
Выпускніца Ліпнішкаўскага дзіцячага сада - сярэдняй школы прыехала паступаць у Гродна з Іўеўскага раёна. Яна распавяла, што з выбарам спецыяльнасці, а таксама ўстановы вышэйшай адукацыі, у якой яна хацела б вучыцца, вызначылася даўно.
- Мне вельмі падабаецца Гродна, таму я вырашыла паступаць менавіта сюды, у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, - падзялілася Паліна Пучко. - Паступаю на педагагічны факультэт, а мая будучая спецыяльнасць - пачатковая адукацыя. Я яшчэ ў 9 класе вызначылася з выбарам прафесіі і ўніверсітэта. Справа ў тым, што я вельмі люблю працаваць з дзецьмі. У мяне ёсць малодшая сястра, якая яшчэ ходзіць у пачатковую школу, і мне падабаецца з ёй займацца. А ўвогуле, гэта вельмі нечакана, што падача дакументаў ператварылася для мяне ў сапраўднае свята! Вось гэта сюрпрыз!

Дзяўчыне ўручылі сімвалічны падарунак і пажадалі поспехаў пры залічэнні. Адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Коарлюкова выказала ўпэўненасць у тым, што Паліна ні ў якім разе не расчаруецца ў сваім выбары.

Электронная рэгістрацыя абітурыентаў у лічбавай прыёмнай камісіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы - новаўвядзенне гэтага года. Па папярэдніх дадзеных, магчымасцю зарэгістравацца на электронным сэрвісе ўжо скарысталіся каля 70 працэнтаў абітурыентаў.
Лічбавая прыёмная камісія працягне працаваць у Купалаўскім універсітэце да завяршэння прыёмнай кампаніі. Перш чым несці арыгіналы дакументаў у прыёмную камісію, абітурыентам рэкамендуецца зарэгістравацца на сайце abit.by. Далейшыя крокі падкажа сістэма. Скарыстаўшыся магчымасцямі электроннага сэрвісу, абітурыенты значна зэканомяць час пасля. Прайсці працэдуру электроннай рэгістрацыі і падаць дакументы ў лічбавую прыёмную камісію можна таксама пры дапамозе тэлефона. Сэрвіс даступны і ў мабільнай версіі.
