Міжнародны навуковы форум аб'яднае магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі, святароў і даследчыкаў канфесійнай гісторыі з Беларусі, Расіі і Польшчы.
Канферэнцыя «Святло зямлі беларускай: да 550-годдзя здабыцця цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя з часу заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра» пройдзе 29 кастрычніка. Арганізатарамі выступілі факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы і Гродзенская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць гістарычны лёс і сучасны стан Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, гісторыю Праваслаўнай Царквы ў Беларусі і Усходняй Еўропе, гісторыю праваслаўнага манаства на беларускіх землях, хрысціянскія матывы і вобразы ў мастацтве і літаратуры Беларусі і іншых славянскіх дзяржаў. Асобная ўвага будзе нададзена пытанням захавання духоўна-культурнай спадчыны ўсходне-славянскіх народаў. У рамках навуковай канферэнцыі таксама адбудзецца міжканфесійны дыскурс: гісторыя і сучасныя тэндэнцыі; запланавана правядзенне круглага стала.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік навуковых артыкулаў з індэксацыяй у РIНЦ.