Шчырая размова са студэнтамі адбылася 8 кастрычніка і завяршыла серыю восеньскіх сустрэч рэктара з актывам факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта.
Многія сустрэчы, якія праходзілі ў верасні-кастрычніку на факультэтах універсітэта, Ірына Кітурка пачынала з слоў падзякі студэнтам за іх дасягненні ў вучобе, спорце і творчасці, актыўную жыццёвую пазіцыю і неабыякавасць да лёсу роднай Alma mater. На гэты раз рэктар звярнулася з асаблівай удзячнасцю да першакурсніка факультэта эканомікі і кіравання Богдана Снытко.
- Розныя жыццёвыя сітуацыі здараюцца з кожным з нас, і вельмі многае часам залежыць ад нашых правільных паводзінаў. Нядаўна наш студэнт-першакурснік Богдан апынуўшыся побач з чалавекам, якому стала дрэнна, не разгубіўся і аказаў першую дапамогу да прыезду хуткай. Упэўнена, што ваш учынак павінен стаць прыкладам для кожнага купалаўца, - сказала Ірына Кутурко.
Пасля гэтага рэктар звярнулася да ўдзельнікаў сустрэчы, запрасіла ўсіх да адкрытай гутаркі. Яна заклікала студэнцкі актыў факультэта псіхалогіі і факультэта эканомікі і кіравання задаваць пытанні, выказвацца пра тое, што іх хвалюе. Ірына Кітурка адзначыла, што, перш за ўсё, яе цікавяць ідэі і прапановы, якія датычацца развіцця ўніверсітэта, паляпшэння быту студэнтаў, павышэння якасці адукацыі.
- У сучасным свеце падыходы ў адукацыі мяняюцца вельмі хутка, і мы, кіраўніцтва ўніверсітэта, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, разумеем, што, магчыма, студэнты лепш адчуваюць гэтыя змены і могуць падказаць нам нейкія прагрэсіўныя ідэі, - адзначыла Ірына Кітурка. - Таму мы ўпершыню заклікаем студэнтаў паўдзельнічаць у распрацоўцы Стратэгіі развіцця ўніверсітэта на 2021-2025 гады.
Рэктар папрасіла студэнтаў у бліжэйшыя дні сфармуляваць свае прапановы, якія могуць быць унесены ў новую Стратэгію, і агучыць іх да 20 кастрычніка. Акрамя таго, Ірына Кітурка заклікала будучых псіхолагаў і эканамістаў паўдзельнічаць у рэалізацыі канцэпцыі "Універсітэт - музей" і прадумаць афармленне пастаяннай экспазіцыі пра гісторыю развіцця свайго факультэта. Мяркуецца, што падобныя выставы з'явяцца ў кожным навучальным корпусе Купалаўскага ўніверсітэта.
У сваю чаргу, студэнты выказалі жаданне стварыць у корпусе шматфункцыянальную зону рэкрэацыі, дзе можна было б з карысцю бавіць час паміж лекцыямі. Была агучана таксама прапанова арганізаваць Фестываль зімовых відаў спорту па аналогіі з ужо традыцыйным летнім спартыўным святам, якое праводзіцца купалаўцамі ў самым пачатку навучальнага года. Абмеркавалі падчас сустрэчы і творчы конкурс "Alma mater - любоў з першага курсу", які ў гэтым годзе пройдзе ўжо ў 25-ы раз. Ірына Кітурка прапанавала студэнтам падумаць аб новых фарматах правядзення іншых творчых конкурсаў.
- Я не перастаю паўтараць, што нам не хапае студэнцкай ініцыятывы. Прапануйце новыя цікавыя ідэі, гэта тычыцца не толькі творчасці, але і стартапаў. Ва ўніверсітэце працуе Студыя стартапаў, створаны Фонд інавацыйнага развіцця. Вы можаце разлічваць і на матэрыяльную дапамогу ў рэалізацыі сваіх праектаў, - адзначыла Ірына Кітурка.
Падчас сустрэчы рэктар таксама распавяла, што ў студэнтаў факультэта псіхалогіі да канца 2020 года з'явяцца новыя памяшканні, якія могуць быць выкарыстаны для развіцця, да прыкладу, студэнцкага самакіравання. Будуць вызваленыя тыя пакоі, у якіх размяшчаецца пункт аховы здароўя. Як ужо агучвалася раней, пункт аховы здароўя Купалаўскага ўніверсітэта ў хуткім часе пераедзе ў будынак новага інтэрната па вул. Дубко.
Традыцыйна ў завяршэнне сустрэчы Ірына Кітурка пажадала ўсім моцнага здароўя і добрых, цёплых узаемаадносін у студэнцкіх групах, а таксама канструктыўнага і плённага ўзаемадзеяння студэнтаў з выкладчыкамі.