Па выніках конкурсу студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі Яраслава Сапач стала моладзевым паслом мэты ўстойлівага развіцця «Адказнае спажыванне і вытворчасць» на два гады.
Мерапрыемства па ўручэнні ўзнагарод Моладзевым паслам Мэтаў ўстойлівага развіцця прайшло 2 снежня ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
Конкурс «Моладзевыя паслы Мэтаў ўстойлівага развіцця - будучыня планеты ў нашых руках» быў арганізаваны ў рамках работы Каардынацыйнага савета па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь з мэтай папулярызацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, а таксама Мэтаў ўстойлівага развіцця сярод моладзі, інфармавання яе пра механізмы дасягнення МУР на міжнародным, нацыянальным і мясцовым узроўнях, набыцця маладымі людзьмі ведаў і прафесійных кампетэнцый ХХI стагоддзя, разумення і прасоўвання ідэй і прынцыпаў ўстойлівага развіцця.
Мэта ўстойлівага развіцця «Адказнае спажыванне і вытворчасць», моладзевым паслом якой стала студэнтка нашага ўніверсітэта, - гэта паляпшэнне стану навакольнага асяроддзя і рашэнне канкрэтных экалагічных праблем у Беларусі. Дасягненню гэтай мэты будзе спрыяць папулярызацыя ў беларускім грамадстве экалагічных каштоўнасцяў і прынцыпаў ўстойлівага развіцця.
Як распавяла Яраслава Сапач, яе дзейнасць будзе ажыццяўляцца ў некалькіх кірунках, сярод якіх скарачэнне колькасці харчовых адходаў на рознічным і спажывецкім узроўнях, прапаганда экалагічна рацыянальнага выкарыстання хімічных рэчываў і ўсіх адходаў і памяншэнне аб'ёму адходаў ад насельніцтва, у тым ліку, праз іх паўторнае выкарыстанне. Таксама студэнтка лічыць важным інфармаваць жыхароў Гродна і, асабліва, купалаўцаў, пра перспектывы экалагічна дружалюбнага ладу жыцця ў гармоніі з прыродай, а таксама спрыяць дасягненню мэтаў ўстойлівага развіцця з дапамогай нефармальнай адукацыі.