Свае лічбавыя кампетэнцыі ўдасканальваюць загадчыкі і спецыялісты вучэбна-метадычных кабінетаў ГрДУ імя Янкі Купалы.
У праграме курсаў тры навучальныя модулі: «Адукацыйны партал ГрДУ імя Янкі Купалы як інтэрактыўная адукацыйная пляцоўка», «Сэрвісы Google для навучання», «Microsoft Teams: стварэнне асяроддзя сумеснага навучання», у рамках якіх слухачы будуць распрацоўваць уласныя лічбавыя адукацыйныя прадукты і актыўна ўзаемадзейнічаць адзін з адным. Удзельнікам таксама адкрыты доступ да рабочай платформы курсаў, дзе размешчаны неабходныя інфармацыйныя матэрыялы, заданні, форумы, карысныя спасылкі.
Як адзначыла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калацэй, цыфравізацыя адукацыі патрабуе адпаведнага кадравага забеспячэння - спецыялістаў, здольных увасобіць ідэі бесперапыннай, якаснай і даступнай адукацыі ў педагагічную практыку ўніверсітэта. Ва ўмовах глабалізацыі, масавай сеткавай камунікацыі, дынамічнага інфармацыйнага грамадства супрацоўнікі ўніверсітэта, у тым ліку загадчыкі і спецыялісты вучэбна-метадычных кабінетаў, павінны мець дастатковы ўзровень лічбавай культуры, каб быць гатовымі да прымянення інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці і аказанні кваліфікаванай дапамогі выкладчыкам факультэтаў.
Мадэратарам двух навучальных модуляў выступіць загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый Алег Каляга. Вопытам выкарыстання платформы Microsoft Teams падзеляцца намеснік дэкана факультэта матэматыкі і інфарматыкі, дацэнт кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных раўнанняў і алгебры Таццяна Ванькова, а таксама выкладчык кафедры сістэмнага праграмавання і камп'ютарнай бяспекі Вікторыя Мядзведзева. Сумесная праца дасведчанага і маладога мадэратараў дазволіць раскрыць магчымасці каманднага асяроддзя Teams у люстраным адлюстраванні - вачамі выкладчыка і студэнта.
Курсы «Арганізацыя і тэхнічнае забеспячэнне навучальнага працэсу з выкарыстаннем ІКТ» пройдуць у Купалаўскім універсітэце да 29 студзеня.