Кампанія «Кансультацыйны цэнтр «Я» стала чатырнаццатым па ліку рэзідэнтам Тэхнапарка Купалаўскага ўніверсітэта.
Адпаведнае пагадненне было падпісана дырэктарам Тэхнапарка Аляксандрам Васілевічам і кіраўніком кампаніі-рэзідэнта «Кансультацыйны цэнтр "Я" Мікалаем Куляшэвічам.
- Я даведаўся пра дзейнасць Тэхнапарка і пра тое, якія магчымасці ён прапануе, у працэсе навучання ў магістратуры псіхалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, - распавёў кіраўнік новай кампаніі-рэзідэнта Мікалай Куляшэвіч. - У мяне ўжо былі інавацыйныя напрацоўкі ў галіне псіхалагічнага кансультавання. І я падумаў: чаму б і не, чаму б не паспрабаваць стаць рэзідэнтам Тэхнапарка. Тут добрая тэхналагічная база: цалкам абсталяваныя кабінеты, самая сучасная камп'ютарная тэхніка.
Заяўку на стварэнне кампаніі, пададзеную Мікалаем Куляшэвічам, у тэхнапарку падпісалі. Зараз новы рэзідэнт рыхтуецца прыступіць да працы. У планах - правядзенне кансультацый як індывідуальных, так і групавых, а таксама арганізацыя семінараў з запрашэннем вядучых псіхолагаў.
- Наша псіхакарэкцыйная праца накіравана на тое, каб дапамагчы кліенту наладзіць адносіны, у першую чаргу, з самім сабой, каб потым, зыходзячы з гарманічных адносін з уласным "Я", ён змог выбудоўваць адносіны з іншымі людзьмі, у тым ліку і ў сям'і, - падзяліўся Мікалай Куляшэвіч. - Я як каардынатар буду прыцягваць калег, спецыялістаў для арганізацыі семінараў, групавых работ. У нашым цэнтры будуць арганізаваны семінары па сямейных адносінах, па дабрабыту шлюбу, таксама групавая праца з падлеткамі, у тым ліку па прафарыентацыі. У падлеткаў ж таксама шмат праблем, якія, на жаль, яны не заўсёды могуць абмеркаваць з настаўнікамі або бацькамі.
Кампанія «Кансультацыйны цэнтр «Я» стала чатырнаццатым па ліку рэзідэнтам Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы. Характэрна, што гэта ўжо другая кампанія ў тэхнапарку, якая аказвае псіхалагічныя паслугі. Сярод іншых найбольш папулярных напрамкаў, у якіх паспяхова працуюць рэзідэнты, - гэта сфера ІТ-тэхналогій. Дарэчы, менавіта ІТ-кампаніі забяспечваюць добры прыбытак ад экспарту ўсёй прадукцыі кампаній-рэзідэнтаў Тэхнапарка Купалаўскага ўніверсітэта.
- Аб'ём прадукцыі, якую выпусцілі нашы рэзідэнты, 835 тысяч рублёў за год, з іх 435 тысяч - гэта экспарт, - адзначыў дырэктар Тэхнапарка Аляксандр Васілевіч.
У 2020 годзе агульны вынік аб'ёму вытворчасці кампаній-рэзідэнтаў Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы вырас у 2,5 разы ў параўнанні з папярэднім годам. За год удвая павялічылася і колькасць рэзідэнтаў. Палова кампаній заснавана супрацоўнікамі, студэнтамі або выпускнікамі Купалаўскага ўніверсітэта.
- На дадзеным этапе развіцця мы чакаем завяршэння будаўніцтва другой чаргі Навукова-тэхналагічнага парку, асноўную частку якой складаюць вытворчыя памяшканні, - распавёў Аляксандр Васілевіч. - Ужо цяпер прымаем заяўкі ад рэзідэнтаў, якія маюць патрэбу ў вытворчых памяшканнях для арганізацыі выпуску сваёй прадукцыі на гэтых пляцоўках. Запрашаем усе зацікаўленыя кампаніі, якія хочуць стаць рэзідэнтамі Тэхнапарка, гатовыя аказаць усялякае садзейнічанне ў арганізацыі вытворчасці.
Стаць рэзідэнтам Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы не складана. Галоўная ўмова - кіраўніку кампаніі неабходна даказаць інавацыйны характар прадукцыі або паслуг, а таксама прадаставіць бізнес-план, які пацвярджае, што прадпрыемства будзе фінансава паспяховым. У бліжэйшай будучыні рэзідэнты Тэхнапарку могуць разлічваць на пашырэнне прэферэнцый. Так, у стадыі абмеркавання знаходзяцца пытанні змяншэння падатку на даданую вартасць для рэзідэнтаў тэхнапарку, а таксама адмены некаторых мясцовых падаткаў. Такім чынам, калі гэтыя змены ў заканадаўстве будуць прынятыя, патэнцыйная прывабнасць Навукова-тэхналагічных паркаў для кампаній-рэзідэнтаў узрасце, а ў Тэхнапарку Купалаўскага ўніверсітэта з'явіцца яшчэ шмат новых паспяховых рэзідэнтаў.