Студэнты спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта – прызёры Міжнароднага кулінарнага кубка і Міжнароднага чэмпіянату кандытарскага мастацтва.
На пляцоўцы 27-ай Міжнароднай спецыялізаванай выставы-кірмашу "ПРАДЭКСПА-2021" з 9 па 12 лістапада праходзілі Міжнародны чэмпіянат кандытарскага мастацтва і Міжнародны кулінарны кубак. Удзел у спаборніцтвах бралі як прафесіяналы сваёй справы, так і тыя, хто толькі прыступіў да зразумення кулінарных асноў і прафесійнага станаўлення.
9 лістапада 2021 года студэнтка 2 курса Алена Станкевіч заваявала залаты медаль Міжнароднага кулінарнага кубка ў намінацыі «Святочнае меню» са стравамі «Салат са свежай гародніны з міксам з морапрадуктаў і трапічным манга» і «Ялавічына «Велінгтон» з гратэнам».
11 лістапада 2021 г былі падведзены вынікі Міжнароднага чэмпіянату кандытарскага мастацтва. Ганаровы дыплом у намінацыі "Торт-скульптура 3D" уручаны Злаце Шпак, студэнтцы 3 курса. Пры адзнацы конкурсных 3D кампазіцый улічвалася майстэрства выканання, арыгінальнасць аздаблення, увасабленне зададзенай тэматыкі, навізна. Дадаткова ацэньвалася падача конкурснай работы і яе абарона перад членамі журы, вялікая ўвага адводзілася тэматычнай і стылістычнай спалучальнасці кандытарскіх твораў і, зразумела, смакавым якасцям.
Перамогі ў конкурсах такога ўзроўню пацвярджаюць, што нашы студэнты працуюць паводле сусветных стандартаў. Эстэтычныя і смакавыя якасці прадукцыі вельмі высокія, як, зрэшты, і ўзровень прафесіяналізму! Ад усёй душы віншуем пераможцаў!