22 сакавіка 1943 года ў Беларусі здарылася страшная трагедыя. Не стала Хатыні. Вёску і 149 яе жыхароў, сярод якіх 75 дзяцей, фашысты спалілі жыўцом - цынічна і бязлітасна. Сёння ў памяць аб трагедыі Хатыні, тысячах яе вогненных «сясцёр» і ахвярах генацыду беларускага народа адбылася Рэспубліканская хвіліна маўчання.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы памятаюць і шануюць журботныя даты гісторыі. Штогод ва ўніверсітэце праходзяць памятныя акцыі, канферэнцыі і круглыя сталы. Натуральна, ніколі не сыходзіць у забыццё гісторыя Хатыні і генацыду беларускага народа. Так, кожны год праходзіць мітынг-рэквіем «Купалаўцы памятаюць», пасля заканчэння якога студэнты і выкладчыкі здзяйсняюць аўтапрабег да мемарыялаў у спаленых вёсках нашай вобласці, каб ушанаваць памяць загінуўшых.
У Беларусі робіцца ўсё магчымае для захавання гістарычнай праўды. Так, генеральная пракуратура ў красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Зыходзячы з усяго масіва даных устанаўліваюцца раней невядомыя факты злачынстваў і фарміруецца крымінальная справа. Падчас расследаванняў выяўляюцца новыя факты зверстваў фашысцкага рэжыму. Купалаўцы прымаюць актыўны ўдзел у дадзеным расследаванні і рэгулярна абмяркоўваюць вынікі працы падчас круглых сталоў і дыялогавых пляцовак.
У 2023 годзе пачаў працу праект Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы "Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі", які накіраваны на папулярызацыю гістарычнай праўды. Круглы стол "Сёстры Хатыні" на Гродзеншчыне" аб'яднаў прадстаўнікоў кіраўніцтва вобласці, пракуратуры, кіраўніцтва, выкладчыкаў і студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы. У сваім выступленні старшы саветнік юстыцыі, пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў звярнуў увагу на тое, што на сённяшні дзень Хатынь - гэта зборная выява, сімвал дзесяткаў тысяч спаленых вёсак.
- Сёння па расследаванні генацыду зроблена нямала - гэта каля 11 тысяч спаленых вёсак, якія напаткаў лёс Хатыні. Толькі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці намі пацверджана знішчэнне 346 вёсак. Працэс расследавання працягваецца. Цешыць, што ў даследчую працу актыўна ўключылася моладзь. Для пракуратуры важна, каб супрацоўніцтва па пытаннях даследавання генацыду беларускага народа ўвесь час знаходзілася ў актыўнай фазе, - падкрэсліў Аляксандр Жукаў.
Сёння ў памяць аб журботнай даце купалаўцы далучыліся да рэспубліканскай хвіліны маўчання. На гэтыя 60 секунд усё замерла ў цішыні…Таксама адбылася праца кінагасцінай «Пошук», дзе ўдзельнікі абмеркавалі фільм «Ідзі і глядзі». Рота ганаровай варты Купалаўскага ўніверсітэта прыняла ўдзел у мітынгах-рэквіемах каля мемарыяла «Смуткуючая маці» ў вёсцы Княжаводцы Мастоўскага раёна і на месцы былога лагера смерці Шталаг-324.