У сценах навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы, 1 лістапада, адбылася доўгачаканая прэзентацыя першага паэтычнага зборніка “Аўтограф пачуцця…” таленавітай паэткі Вольгі Пяньковай. Гэта быў адмысловы вечар, напоўнены эмоцыямі, прыгажосцю слоў і глыбокімі думкамі.
Гасцямі вечарыны сталі намеснік старшыні Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзіёнчык, старшыня літаратурнага таварыства "Надзея" Святлана Глямбоцкая, псіхолаг Валянціна Багаслоўская, кандыдат мастацтвазнаўства Марына Крайнік, а таксама студэнты філалагічнага факультэта і супрацоўнікі навуковай бібліятэкі. Усе яны былі ўражаны эмацыйнай гамай, якія адлюстраваны ў вершах аўтара.
Падчас прэзентацыі паэтка расказала пра свае творчыя ідэі, пра працэс стварэння кожнага верша, пра важнасць самавыяўлення праз паэзію. Вольга Пянькова падзялілася сваімі самымі хвалюючымі момантамі, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў зборніку.
− Гэта здарылася адразу, нібы хтосьці адкрыў шлюзы маёй душы. Я пачала пісаць вершы. Можа быць, пачалося перапаўненне душы, ці ўсталяваліся адносіны паміж часам і прасторай, і як вынік гэтых адносін - вершы. Для мяне творчасць - інстынкт перадачы інфармацыі. Дызайн касцюма, мадэлінг, заняткі ёгай, вершы, ды і жыццё ў цэлым - гэта творчасць або сатворчасць. Магчыма, пэўныя падзеі справакавалі адкрыццё новай грані ва мне, - распавяла аўтарка.
"Аўтограф пачуцця..." - гэта не проста зборнік вершаў. Гэтае акно ў свет унутранага жыцця аўтара, у яе самыя патаемныя перажыванні, у яе цеплыню і любоў да слова. Гэта кніга, якая пакіне непадробныя пачуцці ў сэрцах чытачоў і натхніць іх на новыя адкрыцці і самавыяўленне. Вечарына прайшла ў цёплай атмасферы за чытаннем вершаў і сяброўскімі ўспамінамі гасцей аб знаёмстве з Вольгай Анатольеўнай.
Нагадаем, што Вольга Анатольеўна ўдзельнічала ў адкрыцці і займалася развіццём новай спецыяльнасці "Дызайн касцюма і тканіны" на факультэце мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы", кіравала тэатрам моды "Уні-АРТ", была рэжысёрам-пастаноўшчыкам многіх дэманстрацый мадэляў адзення ў Беларусі і за мяжой. З'яўляецца аўтарам больш за 10 калекцый мадэлей адзення. Працавала намеснікам начальніка Цэнтра творчасці Купалаўскага ўніверсітэта, дацэнтам кафедры дызайну. З 2004 года - член Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь. Апублікавала больш за 15 навуковых артыкулаў па спецыяльнасці "Дызайн касцюма і тканін".