Цэнтральнай тэмай сустрэчы стаў студатрадаўскі рух, які штогод збірае актыўную моладзь у адну вялікую сям'ю. Спецыяльным госцем сустрэчы стаў начальнік пасажырскага аддзела Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі Мікалай Кісель.
Любы студэнт ці навучэнец каледжа нашай краіны можа не проста ўладкавацца на працу ў канікулярны перыяд, а атрымаць новую прафесію! Гэта магчыма дзякуючы ўказу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
- Студэнты і навучэнцы каледжаў могуць прайсці кароткатэрміновы практыка-арыентаваны курс і пасля яго заканчэння атрымаць рабочую прафесію. Гродзенская вобласць у гэтым напрамку мае паспяховы вопыт, мы бачым зацікаўленасць у такім родзе дзейнасці і з боку прадпрыемстваў і арганізацый, і з боку моладзі, - расказаў Аляксандр Прохараў.
У рамках сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі працаўладкаванне на пасады ў чыгуначнай сістэме. Сумесная работа арганізавана ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве Беларускай чыгункі і ГА "БРСМ". Дакумент накіраваны на развіццё ўзаемадзеяння па пытаннях фарміравання і прыцягнення студэнцкіх атрадаў для работы ў арганізацыях БЧ. Як адзначыў Мікалай Кісель, студэнты паказваюць сябе цудоўнымі супрацоўнікамі і аказваюць падтрымку сваім старэйшым калегам падчас загружаных сезонаў:
- Мінулы год быў вельмі паспяховым: 14 студэнтаў, якія працавалі ў нас, выдатна справіліся са сваімі службовымі абавязкамі, таму сёлета мы плануем прыцягнуць каля 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. У асноўным студэнты працавалі ў Беларусі, але былі і тыя, якім даверылі працаваць на міжнародных маршрутах.
Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся ў тым, што лішняй другая прафесія не будзе, атрыманы дыплом будзем з маладым чалавекам на працягу ўсяго жыцця. Дарэчы, студэнты могуць асвоіць прафесію не толькі чыгуначнага профіля.