У рамках падрыхтоўкі да правядзення цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання ва ўніверсітэце праведзены арганізацыйная нарада для членаў арганізацыйных камісій карпусоў правядзення ЦЭ і ЦТ і навучальны семінар для педагагічных работнікаў і арганізатараў.
Першы прарэктар Купалаўскага ўніверсітэта Аляксандр Карэўскі звярнуў асаблівую ўвагу членаў арганізацыйных камісій на дакладнае і няўхільнае выкананне інструкцый і нарматыўных дакументаў, зладжанае ўзаемадзеянне ў рабоце.
Начальнік аддзела тэсціравання і прафарыентацыі моладзі ЦДА Наталля Кранцэвіч падрабязна праінструктавала педагагічных работнікаў і арганізатараў у аўдыторыі аб умовах і парадку работы падчас правядзення ЦЭ і ЦТ, аб алгарытмах работы з бланкамі адказаў і экзаменацыйнымі матэрыяламі. У арганізацыйнай нарадзе і навучальным семінары прынялі ўдзел каля 600 чалавек.
Таксама 17 траўня Наталля Кранцэвіч і начальнік Цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі Алена Лапкоўская прынялі ўдзел у нарадзе па пытаннях правядзення цэнтралізаванага іспыту, якая прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі. Нараду праводзіў намеснік Міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
У ходзе нарады звярталася ўвага на выкананне патрабаванняў бяспекі, прапускнога рэжыму ў дні правядзення цэнтралізаванага іспыту, асаблівасці арганізацыі цэнтралізаванага іспыту.