Сёння 6 верасня пачала работу Рэгіянальная ўніверсальная выстава дасягненняў горада Гродна, якая праходзіць у рамках асноўных мерапрыемстваў Гродзенскага міжнароднага эканамічнага форуму. Ключавая мэта форуму - паказаць магутны эканамічны патэнцыял Гродзенскага рэгіёну і прыцягнуць новых інвестараў і партнёраў.
На Рэгіянальнай універсальнай выставе дасягненняў горада Гродна прадстаўлена экспазіцыя навуковых, навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак вучоных Купалаўскага універсітэта, сярод якіх гібрыдныя вакуумныя пакрыцці для металаапрацоўчага інструмента, інавацыйныя кампазітныя матэрыялы для адытыўнага прататыпавання складаных механічных вырабаў, пенашкловы ўцяпляльнік на аснове поліалефінаў для вытворчасці вырабаў будаўнічага прызначэння.
Сярод распрацовак таксама ўпаковачныя матэрыялы з павышанымі бактэрыцыднымі характарыстыкамі, графенавыя змазачныя матэрыялы для цяжканагружаных вузлоў трэння, новыя цвёрдацельныя лазерныя асяроддзі, віртуальныя трэнажоры для вывучэння ўстройства і прынцыпаў работы ваеннага абсталявання і ўзбраенняў, праграмны комплекс 2D і 3D візуалізацыі электрамабіляў для навучання ратавальнікаў-пажарных дзеянням па ліквідацыі надзвычайных сітуацый, праграмна-апаратны комплекс для візуалізацыі вен з выкарыстаннем тэхналогій машыннага зроку ў інфрачырвоным дыяпазоне, Інтэрнэт-рэсурс "МедыяДом", тэхналогія дызайну смарт-інтэр'ера памяшканняў.
Як адзначыла прарэктар па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Башун, купалаўцы ўжо не першы раз прымаюць удзел у рэгіянальнай выставе. Гэта выдатная магчымасць паказаць свае распрацоўкі і патэнцыял, а таксама знайсці партнёраў і аднадумцаў.
– Купалаўскі ўніверсітэт становіцца пляцоўкай інавацыйнага развіцця і распрацовак, якія служаць на карысць не толькі ВНУ, але і вобласці і ў цэлым Беларусі. У нас насамрэч вялікая мэтавая аўдыторыя, на кожнай выставе людзі цікавяцца рознымі распрацоўкамі, у тым ліку і ў галіне гуманітарных навук, - распавяла Наталля Башун.
Таксама на выставе будзе прадстаўлена прадукцыя больш за 40 вядучых прадпрыемстваў і арганізацый рэальнага сектара эканомікі Гродзенскага рэгіёну. Праграма мерапрыемстваў Гродзенскага міжнароднага эканамічнага форуму насычана цікавымі падзеямі. Наперадзе 3 дні працы выставы.