Старшы выкладчык кафедры агульнай і сацыяльнай псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Маразенка ўзнагароджана дыпломам за лепшы даклад на XXI Міжнароднай навуковай канферэнцыі маладых вучоных «Моладзь у навуцы – 2024».
«Моладзь у навуцы – 2024» – гэта штогадовая канферэнцыя для маладых вучоных, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў, якія працуюць у такіх напрамках навукі як біялагічныя, медыцынскія, фізіка-тэхнічныя, фізіка-матэматычныя, аграрныя, хімічныя і навукі аб Зямлі, гуманітарныя навукі і мастацтва.
У гэтым годзе навуковае мерапрыемства праходзіла з 29 па 31 кастрычніка на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
На канферэнцыі Ганна Маразенка прадставіла даклад на тэму «Імпліцытныя ўяўленні аб жыцці пасля смерці і суб'ектыўны дабрабыт асобы» ў секцыі «Адукацыя, педагогіка, псіхалогія». Дадзенае даследаванне адкрывае новыя гарызонты ў разуменні ўзаемасувязі паміж ўяўленнямі аб замагільным жыцці і псіхалагічным дабрабытам індывіда.
Гэтае прызнанне падкрэслівае не толькі высокі прафесіяналізм і навуковую значнасць працы Ганны Аляксандраўны, але і яе здольнасць уносіць важкі ўклад у развіццё сучаснай псіхалогіі.