18 лістапада адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў стыпендый Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Спецыяльныя стыпендыі ФПБ прысуджаны 37 таленавітым студэнтам і навучэнцам, якія паспяхова сумяшчаюць вучобу і актыўную прафсаюзную дзейнасць. Сярод лаўрэатаў студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Маладыя людзі прадэманстравалі сваю моц ва ўмовах сур'ёзнай канкурэнцыі. Для вызначэння лаўрэатаў была распрацавана спецыяльная бальная сістэма, у аснове якой 8 крытэрыяў. Напрыклад, праца ў прафсаюзных органах, арганізацыя і правядзенне розных мерапрыемстваў, навукова-даследчая, спартыўная, творчая, культурная дзейнасць, удзел у грамадска значных падзеях, у валанцёрскім руху, дапамога ветэранам вайны і працы і інш. Таксама для атрымання стыпендыі ФПБ улічваецца сярэдні бал вучобы - ён павінен быць не менш за 8.
Студэнтка 4 курса педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Статкевіч стала лаўрэатам стыпендыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Дзяўчына атрымала ўзнагароду з рук старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько.
Купалаўская студэнтка Святлана Статкевіч вылучаецца не толькі сваімі поспехамі ў вучобе, але і актыўным удзелам у прафсаюзнай дзейнасці, што дазволіла ёй заслужыць прэстыжную стыпендыю. Яе прыклад матывуе многіх маладых людзей, якія імкнуцца да паспяховай вучобы і сацыяльнай актыўнасці.
На працягу навучальнага года лаўрэаты штомесяц будуць атрымліваць матэрыяльную падтрымку ад нацыянальнага прафцэнтра. Усяго ж з 2016 года стыпендыі ФПБ атрымалі каля 300 прадстаўнікоў навучальных устаноў самага рознага профілю.