Дыялогавая пляцоўка была прысвечана вынікам работы міждысцыплінарнага праекта «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць». На працягу года купалаўцы сумесна з прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса працавалі над праектам, раскрываючы новыя факты ў гісторыі гродзенскага рэгіёну. Сумесная работа рэалізуецца ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася Ірына Кітурка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы. Яна падзякавала ўсім за актыўны ўдзел і гатоўнасць да адкрытых зносін. Ірына Кітурка падкрэсліла, што сумесная праца і абмен досведам ствараюць умовы для развіцця дэмакратычных працэсаў і грамадзянскай супольнасці. Ірына Фёдараўна адзначыла, што вынікамі праекта сталі навуковыя пошукі, напрыклад, студэнты абаранілі 7 курсавых работ, а таксама праекты, з якімі ўжо можна азнаёміцца.
Як падкрэсліла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, год для праекта выдаўся плённым, была праведзена вялікая работа. Удзельнікі праекта прайшлі доўгі шлях па старонках гісторыі развіцця народаўладдзя на тэрыторыі Гродзеншчыны: ад зараджэння да сучаснасці.
– Вядома, у рамках працы над праектам мы не маглі абысці бокам этапы развіцця народнай гаспадаркі, будаўніцтва, прамысловасці на тэрыторыі нашай вобласці ў розныя перыяды. Былі адзначаны асобныя асобы, якія ўнеслі ўклад у станаўленне народаўладдзя. І кожны наш круглы стол меў важную мэту – расказаць моладзі ў цікавай форме пра важную частку жыцця рэгіёна, – падзялілася Алена Пасюта.
Праца праекта на гэтым не завяршаецца, бо яшчэ засталося нямала цікавых вех у гісторыі, таму адной з задач сустрэчы стала абмеркаванне планаў працы на наступны год. Дарэчы, работа ў гэтым напрамку ўжо пачалася, зараз ідзе актыўнае даследаванне станаўлення народаўладдзя ў кожным раёне вобласці. Як адзначыла Алена Пасюта, дэпутаты заўсёды былі на варце правоў народа, праваднікамі і абаронцамі сваіх выбаршчыкаў.
Алена Васільеўна таксама падзялілася сваім бачаннем на тэму «Гісторыя Саветаў і Саветы ў гісторыі: за што галасавалі беларусы 80 гадоў таму?». У сваім выступленні Алена Васільеўна прааналізавала ключавыя моманты гістарычнага працэсу, звязанага з фармаваннем Саветаў, і іх ролю ў жыцці беларускага грамадства.
У рамках дыялогавай пляцоўкі адбылася прэзентацыя віртуальнай фотавыставы "Гродна: шлях даўжынёй 80 гадоў", якая адлюстроўвае найважнейшыя этапы развіцця горада і значныя падзеі яго гісторыі. Наталля Улейчык, дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы, адзначыла, што купалаўцы правялі нямала часу за работай у архівах, каб сабраць даныя для экспазіцыі, у якой прадстаўлены яркія і важныя моманты ў жыцці рэгіёну, пачынаючы з 1944 года.
Таксама быў прэзентаваны шэраг дакладаў. Вадзім Чабатар выступіў на тэму «Два героі: В.Ю. Мірончык і І.Дз. Лебедзеў», Максім Козіч расказаў пра флагман індустрыяльнага Гродна – ААТ «Гродна Азот», Міхаіл Зінчанка выступіў з дакладам «Гісторыя першага тралейбуса: да юбілею тралейбуснага руху ў Гродне» і Анастасія Лукашэвіч расказала пра драматычны тэатр Гродна ў дакладзе «На крылах Пегаса»: абласны драматычны тэатр як візітная картка Гродна».