Сустрэча з заслужаным юрыстам Рэспублікі Беларусь і былым старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай адбылася пад крылом «Марафона адзінства», які стартаваў сёння, 17 студзеня, у Гродне. Мадэратарам сустрэчы выступіў Вадзім Гігін, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і старшыня праўлення РДГА «Беларускае таварыства «Веды».
Лідзія Ярмошына выступала ў рамках праекта «Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт». Галоўная мэта ініцыятывы - адкрытая размова аб важных вехах развіцця Беларусі. Удзельнікамі праекта становяцца людзі, якія прайшлі вялікі кар'ерны і жыццёвы шлях і могуць падзяліцца сваім вопытам, расказаць аб тым, як развівалася і расла Беларусь.
«Марафон адзінства» праходзіць у перыяд электаральнай кампаніі, што асабліва сімвалічна. Бо выбары - гэта кульмінацыйны момант у жыцці дзяржавы, які паказвае адзінства беларускага народа. Раней у СМІ Лідзія Ярмошына адзначала, што ідэя марафону цудоўная. Яна з вялікім задавальненнем пагутарыла з гродзенцамі і гасцямі горада ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта.
Таксама Лідзія Ярмошына адзначыла, што беларускае насельніцтва вельмі ўдумлівае і разважлівае. У беларусаў ёсць правільнае бачанне сітуацыі. Прэса не магла не спытаць у спікера, як яна ацэньвае сёлетнюю электаральную кампанію.
– Можна смела казаць аб празрыстасці і прадказальнасці выбарчай кампаніі, і наперадзе ў нас добрыя гады, – падзялілася з прэсай спікер. – Я з цікавасцю праслухала перадвыбарныя выступы кандыдатаў. Хоць я і не зусім згодна, але яны вельмі цікавыя, у кожнага ёсць свая асоба.
Першая частка сустрэчы была прысвечана асобе і кар'ернаму шляху Лідзіі Ярмошынай, яе ўспамінам аб рабоце і аб тым, як яна пазнаёмілася з дзеючым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Вадзім Гігін на правах мадэратара задаваў пытанні і вёў гутарку. Потым спікеры перайшлі да дыялогу з аўдыторыяй. Бо, як было адзначана, падобныя сустрэчы – гэта не маналогі, сэнс у абмене меркаваннямі, у рэфлексіі. І ўсё гэта было!
Падчас адкрытай і жывой размовы Лідзія Ярмошына адзначыла важнасць адказнасці кожнага грамадзяніна за будучыню краіны. Яна падкрэсліла, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для раскрыцця патэнцыялу кожнага беларуса. Ішла размова аб важнасці актыўнага ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці і фарміраванні будучыні краіны, Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што падтрымка і ўмацаванне пазіцыі маладых людзей з'яўляюцца ключавымі аспектамі развіцця нацыі.