Сёння, 21 студзеня, па ўсёй краіне адкрыліся выбарчыя ўчасткі, дзе грамадзяне могуць аддаць свой голас за будучыню Беларусі. У корпусе па адрасе: вул. Ажэшкі, 22 працуе выбарчы ўчастак № 14. З першых хвілін пачатку яго працы там сабраліся студэнты, каб прагаласаваць.
Датэрміновае галасаванне будзе праходзіць з 21 да 25 студзеня 2025 года. У гэты час выбаршчыкі, якія не могуць наведаць участкі ў асноўны дзень, маюць магчымасць прагаласаваць датэрмінова. У перыяд датэрміновага галасавання ўчастковыя камісіі будуць дзейнічаць з 12.00 да 19.00 без перапынку.
Купалаўцы свядома падыходзяць да электаральнай кампаніі, праводзяцца сустрэчы і дыялогавыя пляцоўкі, прысвечаныя выбарам. Студэнтка інжынернага факультэта Кацярына Сіроцкая галасуе ўпершыню і з радасцю падзялілася ўражаннямі:
– Пакуль чакала сваёй чаргі прагаласаваць, крыху хвалявалася. Але потым, калі ўжо ўвайшла на выбарчы ўчастак, зразумела, што хвалявацца няма чаго. Бо нас цудоўна інфармуюць пра электаральную кампанію ва ўніверсітэце, я абмяркоўвала гэтую тэму з бацькамі. Ды і ў цэлым інфармацыі хапае як аб самім працэсе, так і аб кандыдатах. Лічу, што аддаць свой голас вельмі важна, бо гэта магчымасць выказаць сваё меркаванне і абраць будучыню.
Студэнтка другога курса інжынернага факультэта Яна Санюкевіч ужо знаёмая з працэсам выбараў, бо брала ўдзел у Адзіным дні галасавання.
– На мой погляд, вельмі важна аддаць голас за абранага кандыдата. У кожнага з іх свая праграма, мэты. Лічу, выбіраць трэба розумам і аддаць голас за таго, у кім бачыш далягляд. Кожны голас важны, і трэба абавязкова ўнесці свой уклад у развіццё краіны, – падзялілася Яна.
Асноўны дзень галасавання будзе праходзіць 26 студзеня, участкі будуць працаваць з 8.00 да 20.00. Усяго ў Беларусі сфарміравана 5325 участкаў. Працэдура галасавання патрабуе наяўнасці дакумента, які пацвярджае асобу. Гэта можа быць пашпарт (ID-карта), а таксама пасведчанне кіроўцы, пасведчанне інваліда, пенсійнае пасведчанне, калі ў іх ёсць фота.
Ваеннаслужачыя тэрміновай службы могуць прадаставіць ваенны білет, а работнікі дзяржаўных органаў і арганізацый – службовае пасведчанне. Моладзь можа прагаласаваць па студэнцкім білеце ці білеце навучэнца.
Нагадаем, што на сайце ЦВК Беларусі працуе сервіс па пошуку ўчастка для галасавання. Указаўшы неабходныя звесткі, любы выбаршчык можа даведацца, дзе знаходзіцца яго ўчастак для галасавання.