Чарга ўрачыстасцяў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працягваецца! Вялікае свята адбылося на галоўнай сцэне Аlma mater - купалаўцы сабраліся, каб павіншаваць філалагічны факультэт з 85-годдзем.
Філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, адзін са старэйшых, вядзе сваю гісторыю ад аддзялення беларускай і рускай моў і літаратуры, якое стала ключавой крыніцай развіцця факультэта. Цяпер філалагічны факультэт уключае ў сябе 5 кафедр, дзе рыхтуюцца спецыялісты ў галіне мовы і літаратуры, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё гуманітарных навук не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Як адзначыла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, юбілей факультэта сапраўды ўрачысты момант. За 85 гадоў развіцця факультэта быў пройдзены вялікі шлях. У рамках урачыстасці было сказана нямала цёплых слоў, уручаны падзякі і падарункі.
– Філалагічны факультэт сёння – гэта не толькі значная частка навучальнай установы, але і крыніца творчасці і натхнення. Тут зараджаюцца бліскучыя ідэі, гучыць мелодыя слова. Гэтае месца, дзе маладое пакаленне сустракаецца з вялікімі літаратарамі, адчувае глыбіню думак і багацце эмоцый, якія праходзяць скрозь творы мастацтва. Тут раскрываецца перад студэнтамі дзіўны свет літаратуры і мовы, абуджаючы ў іх творчы патэнцыял і любоў да культурнай спадчыны, – звярнулася Ірына Фёдараўна да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства.
Гады ідуць, але нязменнай заўсёды заставалася і застаецца якасць падрыхтоўкі спецыялістаў і высокая кваліфікацыя прафесарска-выкладчыцкага складу, навуковыя школы факультэта, якія набылі аўтарытэт як у айчыннай, так і ў сусветнай навуковай супольнасці. Выпускнікі факультэта паспяхова працуюць у розных сферах, пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы медыйнай індустрыяй, ад навуковых даследаванняў да ўдзелу ў культурных праектах. Філалагічны факультэт ганарыцца сваімі студэнтамі і выпускнікамі, якія працягваюць услаўляць яго імя і робяць значны ўклад у развіццё адукацыі і культуры.