VII Рэспубліканскі маладзёжны фестываль-конкурс «МЕДЫЯСФЕРА-2025» праходзіць у год 80-годдзя Вялікай Перамогі, а таксама ў год, аб'яўлены Годам добраўпарадкавання, і ў год 85-годдзя Купалаўскага ўніверсітэта. Да ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе, фінальныя мерапрыемствы якога пройдуць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 17–18 красавіка, пададзены больш за 300 праектаў.
У 2025 годзе на адрас аргкамітэта фестывалю накіраваны заяўкі ад прадстаўнікоў больш як 50 устаноў адукацыі з розных рэгіёнаў краіны, у тым ліку студэнтаў з 15 універсітэтаў рэспублікі. Аргкамітэт правёў вялікую працу па зборы і апрацоўцы заявак, прыняўшы на фестываль працы ў пяці намінацыях: «Друкаваныя СМІ», «Электроннае СМІ (ТБ), «Фотапраект», «Інтэрнэт-праект» і «Камунікацыйны праект». Усе ўдзельнікі спаборнічаюць у адной з дзвюх узроставых катэгорый: «Юніёры» (навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў) і «Профі» (студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі).
На бягучым этапе падрыхтоўкі фестывалю пачало журы, у складзе якога больш за два дзясяткі прадстаўнікоў гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх СМІ, спецыялісты па рэкламе і сувязях з грамадскасцю, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу кафедры журналістыкі Купалаўскага універсітэта. Рашэнне аб праектах-фіналістах і пераможцах фестывалю журы прыме на працягу двух тыдняў. А пакуль чакаецца напружаная работа над ацэнкай маладзёжных праектаў.
Фінальныя мерапрыемствы фестывалю-конкурсу адбудуцца 17–18 красавіка ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Аргкамітэт рыхтуе насычаную праграму, каб знаходжанне фіналістаў конкурсу ў Купалаўскім універсітэце стала сапраўдным святам творчасці і крэатыву, дало магчымасць непасрэдных зносін з прафесіяналамі ў сферы масмедыя.
Фестываль праводзіцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і праходзіць пад дэвізам «Медыясфера – прастора новых ідэй!». Мэта фестывалю – выявіць і аб'яднаць маладых людзей, якія творча думаюць і робяць першыя крокі ў фатаграфіі, друку, кіна- і відэамастацтве, праяўляюць цікавасць да развіцця новых медыя.
Сачыце за інфармацыяй аб фестывалі ў Telegram-канале студэнцкага медыяцэнтра ГрДУ імя Янкі Купалы.