22 сакавіка споўніцца 82 гады з дня трагедыі ў Хатыні. Гэтая смутная дата аддаецца болем у сэрцах беларусаў. На Плошчы універсітэцкага флага быў арганізаваны мітынг-рэквіем, дзе купалаўцы ўшанавалі памяць трагічна загінуўшых жыхароў Хатыні. Затым рушыў услед аўтапрабег у вёску Партызанскую (Пузевічы). Гэта падзея з'яўляецца часткай праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і смутак Гродзенскай зямлі», у рамках якога вядзецца сумесная работа з пракуратурай Гродзенскай вобласці.
У змрочны дзень 22 сакавіка 1943 года вёска Хатынь была сцёрта з зямлі. 149 жыхароў, у тым ліку 75 дзяцей, сталі ахвярамі агню і куль. Хатынь стала сімвалам страшнай нацыянальнай страты і вечнага смутку. Гэты крывавы эпізод вясны 1943 года ўсё яшчэ застаецца ранай у душах беларусаў.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла, што мітынг-рэквіем, прысвечаны спаленым вёскам стаў традыцыйнай падзеяй і праводзіцца ў рамках ініцыятывы «Купалаўцы памятаюць».
– Беларусы змагаліся на полі бою, у тыле, у падполлях і партызанскіх рухах не шкадуючы сябе. Сёння мы не маем права забыць. Нажаль, лёс Хатыні падзялілі мноства населеных пунктаў. У іх ліку і вёска Партызанская, раней вядомая як Пузевічы, – падкрэсліла Ірына Кітурка.
Намеснік пракурора Гродзенскага раёна Дзмітрый Волах адзначыў, што супрацоўніцтва з Купалаўскім універсітэтам прыносіць свой плён, а таксама ён расказаў, што цікавасць моладзі да тэмы толькі расце.
– Фашысты знішчалі людзей не проста сем'ямі, а цэлымі вёскамі. Усяго на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны было знішчана 455 населеных пунктаў, аб 145 з іх стала вядома ў ходзе расследавання справы аб генацыдзе. Акрамя таго, на Гродзеншчыне ўстаноўлена 88 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва, у тым ліку 42 – раней невядомых, – расказаў Дзмітрый Волах.
Расследуюцца таксама шматлікія факты злачынстваў, якія здзяйсняліся падраздзяленнямі Арміі Краёвай. На тэрыторыі Гродзеншчыны ахвярамі акаўцаў сталі больш за 3000 мірных жыхароў, у тым ліку 66 дзяцей.
У вёсцы Партызанскай (Пузевічы) таксама адбыўся мітынг-рэквіем, дзе памяць ахвяр фашыстаў разам з купалаўцамі ўшанавалі выконваючы абавязкі старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў і пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў. Таксама падчас мітынгу маладыя пракуроры Гродзенскай вобласці прынеслі прысягу.
Расследаванне пракуратуры працягваецца. На сённяшні дзень па даручэнні Генеральнага пракурора члены следчай групы Гродзенскай вобласці сабралі доказы аб злачынствах Сямёна Серафімавіча, каб рашэннем суда прызнаць яго вінаватым у генацыдзе беларускага народа. На жаль, Сямён Серафімавіч не адзіны, каму некалі ўдалося схавацца і пазбегнуць пакарання. Аднак, няхай нават пасмяротна, гэтыя людзі павінны быць прызнаныя вінаватымі і асуджаныя.