У конкурсным экзамене "Педагагічная майстэрня" прыняла ўдзел загадчык вучэбна-метадычнага кабінета педагагічнага факультэта, старшы выкладчык кафедры педагогікі і сацыяльнай работы Ларыса Альшэўская, якая прадставіла экспертнай групе і ўдзельнікам праекта "Адкрытае навучанне" вынікі прымянення гульнявых тэхналогій у навучанні студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей.
У час выступлення канкурсант адказала на ключавыя пытанні: "Як зрабіць навучанне займальным і якасным?", "На што нацэлены гульнявыя тэхналогіі ў адукацыі?", "Як спланаваць і правесці занятак у гульнявой форме?". Асобна былі разгледжаны гульнявыя тэхналогіі, якія Ларыса Альшэўская аднесла да катэгорыі правераных і эфектыўных. Сярод гульнявых тэхналогій былі разгледжаны тэхналогіі, накіраваныя на запамінанне, разуменне і выкарыстанне тэрмінаў; ролевыя і дзелавыя гульні; кейс-метад; адукацыйныя квэсты.
Па меркаванні канкурсанта, гульнявыя тэхналогіі ўносяць разнастайнасць у арганізацыю навучальнага працэсу, а самі гульні пры ўмелым выкарыстанні здольны перарасці ў навучанне, у творчасць, у выпрацоўку ў студэнтаў неабходных прафесійных навыкаў. У якасці пацверджання канкурсант прывяла шматлікія прыклады з асабістай практыкі, прадэманстравала, якім чынам гульнявыя методыкі падахвочваюць і стымулююць студэнтаў да вучэбнай дзейнасці.
У заключнай частцы майстар-класа Ларыса Альшэўская прапанавала калегам прыняць удзел у ролевай гульні "Педагагічны дэтэктыў", накіраванай на вырашэнне нестандартных педагагічных сітуацый з выкарыстаннем інавацыйных метадаў навучання. Камандная работа завяршылася прэзентацыяй сутнасці сітуацый, прычын іх узнікнення, прапанаваных метадаў вырашэння і чаканых вынікаў. Па выніках гульні канкурсант, удзельнікі майстар-класа і эксперты падзяліліся думкамі аб магчымасцях, межах і ўмовах прымянення гульнявых тэхналогій у рэальных адукацыйных умовах.
У чацвер 27 сакавіка ў аўдыторыі 220 галоўнага корпуса ўніверсітэта пройдзе чацвёрты тур конкурсу «Педагог-інаватар Купалаўскага ўніверсітэта». Пачатак мерапрыемства ў 15:05. З тэмай «Методыка і тэхніка навуковага даследавання: з досведу працы над магістарскай дысертацыяй з замежнымі студэнтамі» выступіць прафесар кафедры музычнага мастацтва Інэса Двужыльная.