«Чужое неба» – пранікнёная гісторыя людзей, якія апынуліся за мяжой. Кожны з іх шукаў нешта сваё, але пошук не меў поспеху. Фільм расказвае пра іх лёсы сумленна і адкрыта. Кінапрагляд адбыўся 28 сакавіка, да яго далучыўся Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец. Тады студэнты адзначылі, што было б здорава пагутарыць са стваральнікамі і героямі стужкі. Прапанова была пачута, і сёння, 8 красавіка, студэнты змаглі задаць пытанні.
З вялікім задавальненнем з купалаўцамі пагутарылі Аляксей Марціненак, рэжысёр дакументальнага фільма «Чужое неба» і палітычны аглядальнік Белтэлерадыёкампаніі, Аляксандр Ігначкоў, рэжысёр-пастаноўшчык дакументальнага фільма «Чужое неба», і Юлія Брыкіна-Барысава, галоўны герой дакументальнага фільма «Чужое неба». Першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі падзякаваў гасцям за тое, што яны так аператыўна адгукнуліся на просьбу абмеркаваць дакументальны фільм у студэнцкім асяроддзі купалаўцаў.
Аўтары фільма адкрылі гледачам няпростую праўду аб жыцці беларусаў, якія выехалі з краіны ў пошуках новай радзімы. Але чужыя краіны не сталі ім роднай хатай. Як расказала Юлія Брыкіна-Барысава, калі яна вярнулася дадому, адчула сябе ў бяспецы.
– Я падвергнулася гвалту з боку мужа. Звычайна аб такім маўчаць і не гавораць, але я не магла так паступіць. У мяне дзве дачкі, і я хачу быць для іх прыкладам, каб дзяўчынкі ўмелі за сябе пастаяць. Задача маці - каб іх дзеці былі ў бяспецы, у надзейных руках. Можа, нехта пачуе маю гісторыю, і яна дапаможа знайсці новы жыццёвы шлях. Калі вярнулася, я была так рада бачыць сваіх бацькоў. Столькі разоў я чула выраз «дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». І толькі зараз я да канца ўсвядоміла, што гэта сапраўды так, – падзялілася Юлія.
Як зазначыў Аляксей Марціненак, фільм варта паглядзець кожнаму беларусу, асабліва моладзі. Пасля 2020 года паспела вырасці новае пакаленне маладых людзей, якіх падзеі тых дзён закранулі па датычнай, нешта не было ўспрынята з-за ўзросту.
– Прыемна бачыць, што моладзь неабыякавая. Задаюць пытанні, якія датычацца як самой тэмы, так і вытворчасці фільма. Шмат тлумачальных пытанняў ад будучых журналістаў, іх якраз у большай ступені цікавіць працэс стварэння фільма. Паказы працягнуцца, мы бачым зацікаўленасць грамадскасці, – падзяліўся Аляксей Марцінянак.
Аўдыторыя праглядала асобныя фрагменты фільма, і потым студэнты маглі задаць пытанні. Юнакоў цікавіла тое, як нарадзілася ідэя стварыць такі фільм і як з'явілася назва. Пыталіся пра творчую групу, тых людзей, якія прыклалі руку да стварэння дакументальнага фільма. Вядома, былі пытанні, адрасаваныя галоўнай гераіні. Нягледзячы на цяжкі лёс і боль ад успамінаў, Юлія сумленна і адкрыта адказвала на пытанні аўдыторыі.