У ГрДУ імя Янкі Купалы сёмы раз адбудзецца Рэспубліканскі маладзёжны фестываль-конкурс «МЕДЫЯСФЕРА». Журы фестывалю-конкурсу, які ладзіць ГрДУ імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, завяршыла сваю працу. Фіналістамі сталі 70 праектаў, аўтары якіх будуць адзначаны дыпломамі I, II, III ступені і спецыяльнымі намінацыямі журы.
Фестывальныя мерапрыемствы і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудуцца 17–18 красавіка 2025 г. у Купалаўскім універсітэце. Праграма фестывалю даступна па спасылцы. У першы дзень адбудзецца цырымонія адкрыцця, прэзентацыя дакументальнага фільма «Генацыд: без права на забыццё», які падрыхтаваны ў рамках міждысцыплінарнага праекта, які рэалізуецца ў ГрДУ імя Янкі Купалы па ініцыятыве пракуратуры Гродзенскай вобласці. У першы дзень адбудзецца таксама прагляд і абмеркаванне творчых работ фіналістаў. У час абмеркавання праектаў аўтары змогуць задаць пытанні членам журы, атрымаць кампетэнтны каментар ад спецыялістаў. Завершыцца фестывальны дзень экскурсійнай праграмай.
У другі дзень фестывалю-конкурсу пройдуць майстар-класы ад прафесіяналаў у сферы масмедыя ў трох напрамках: «Тэхніка і тэхналогіі вэб-журналістыкі», «Аўдыёвізуальныя СМІ», «Інтэграваныя маркетынгавыя камунікацыі». Кіраўнікі творчых груп прымуць удзел у круглым стале «Новыя медыя як пляцоўкі для рэалізацыі маладзёжных праектаў». Завершыцца фестываль цырымоніяй узнагароджання фіналістаў і пераможцаў VII Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «МЕДЫЯСФЕРА-2025».
У тэлеграм-канале студэнцкага медыяцэнтра 14 красавіка стартуе галасаванне за прыз сімпатый гледачоў VII Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «МЕДЫЯСФЕРА-2025». Там жа зараз ідзе рэгістрацыя на майстар-класы, якія правядуць для фіналістаў конкурсу прадстаўнікі медыясферы рэспублікі, і на экскурсіі, падрыхтаваныя факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму.
VII Рэспубліканскі маладзёжны фестываль-конкурс «МЕДЫЯСФЕРА-2025» праводзіць ГрДУ імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Фестываль праходзіць у год 80-годдзя Вялікай Перамогі, а таксама ў год, аб'яўлены Годам добраўпарадкавання, і ў год 85-годдзя Купалаўскага ўніверсітэта, што вызначыла тэматыку фестывальных праектаў.