Форум пад назвай «У аб'ектыве - моладзь» праходзіць на базе Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа 12-13 снежня.
У мерапрыемстве прымаюць удзел каля 120 студэнтаў і педагогаў з розных гарадоў Беларусі. Сярод іх - тры студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: Аляксей Аборын, Кацярына Дарашэнка і Арцём Краўчук. Усе яны актыўна займаюцца грамадскай дзейнасцю, цікавяцца журналістыкай і выкарыстаннем сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Аляксей Аборын навучаецца па спецыяльнасці "Эканамічнае права", а таксама з'яўляецца членам Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, членам Моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў і старшынёй Каардынацыйнага студэнцкага савета. Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Кацярына Дарашэнка - будучая журналістка і Маладзёжны пасол МУР. Арцём Краўчук навучаецца па спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя», працуе лабарантам вучэбнай тэлестудыі «Студэнцкага медыяцэнтра» ўніверсітэта, з'яўляецца прэс-сакратаром студэнцкага савета факультэта і прызёрам Міжнароднага адкрытага студэнцкага камунікацыйнага форуму «PR-кветка». Разам са студэнтамі-купалаўцамі у мерапрыемствах форуму прымае ўдзел прарэктар па выхаваўчай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Васілій Сянько.
Праграмай форуму прадугледжана правядзенне адкрытага дыялогу «У аб'ектыве - моладзь», а таксама некалькіх майстар-класаў па стварэнні і прасоўванні іміджавых відэаролікаў і размяшчэнні якаснага кантэнту на платформах «Instagram» і «YouTube». Запланавана работа ўдзельнікаў у творчых групах па тэмах: напісанне сцэнарыя відэаролікаў, арганізацыя здымак, асаблівасці рэжысуры і мантажу. Падчас форуму таксама пройдуць метадычны семінар для прарэктараў і пасяджэнне грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, падчас якога будуць падведзены вынікі сустрэчы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.