Супрацоўнікі і студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі Купалаўскага ўніверсітэта прынялі ўдзел у рабоце выстаўкі III Форуму IT-Акадэмграда "Штучны інтэлект у Беларусі", якая праходзіць 10 і 11 кастрычніка ў Мінску.
Форум, арганізатарам якога выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, прымеркаваны да Дня НАН Беларусі. Удзельнікамі сталі навуковыя арганізацыі, якія займаюцца даследаваннямі ў сферы прымянення метадаў штучнага інтэлекту, прадстаўнікі тэхнапаркаў, рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, беларускіх прадпрыемстваў, прыватных кампаній, устаноў адукацыі, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, Ваеннай акадэміі, а таксама школьнікі з усёй краіны.
У гэтым годзе форум выходзіць на міжнародны ўзровень дзякуючы гасцям з Расіі, Казахстана, Сербіі, а таксама рэзідэнтам індустрыяльнага парку "Вялікі камень", якія будуць прадстаўляць Кітай.
Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы, дацэнт кафедры сістэмнага праграмавання і камп'ютарнай бяспекі Святлана Зайкова, старшы выкладчык кафедры сучасных тэхналогій праграмавання Марына Міснік, студэнты 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Ілья Салей і Анастасія Багачова, студэнты 3 курса – Леан Канопка і Андрэй Лісай, калектыўнай экспазіцыі Міністэрства адукацыі Беларусі дэманструюць вынаходкі ў галіне інфармацыйных тэхналогій.
Купалаўскі ўніверсітэт прадставіў некалькі экспанатаў: сістэма «НейраСкан», распрацоўка «Сістэма відэа-ідэнтыфікацыі і маніторынгу актыўнасці студэнтаў», праект «Смарт-кіраванне экасістэмай офіса», праект «Бібліятэка электронных дакументаў як база ведаў для самаабслугоўвання».
Сістэма "НейраСкан": інтэлектуальны аналіз МРТ-малюнкаў для хуткай дыягностыкі інсульту. Праект прызначаны для лекараў-неўролагаў і радыёлагаў, якія выконваюць дыягностыку інсульту на аснове аналізу лічбавых МРТ-малюнкаў і заснаваны на выкарыстанні нейронавых сетак глыбокага навучання, навучаных на МРТ-малюнках мозгу. Дазваляе аўтаматычна выяўляць прыкметы інсульту на МРТ, падвышаючы хуткасць і дакладнасць дыягностыкі.
"Сістэма відэа-ідэнтыфікацыі і маніторынгу актыўнасці студэнтаў" прызначана для інтэлектуальнага кантролю прысутнасці студэнтаў на тэрыторыі ўніверсітэта. Сістэма заснавана на нейрасеткавых метадах распазнання асоб, навучана на базе фатаграфій сістэмы электронных пропускаў. Дазваляе дэтэктаваць прысутнасць членаў пэўнай групы на лічбавых выявах з дапамогай мабільнай прылады ў анлайн або афлайн рэжымах. Можа выкарыстоўвацца для вырашэння задач кантролю наведвання заняткаў студэнтамі групы згодна з раскладам, а таксама кантролю знаходжання студэнтаў па-за аўдыторыяй.
Праект «Смарт-кіраванне экасістэмай офіса» дазваляе сфарміраваць камфортнае бяспечнае смарт-асяроддзе для працы выкладчыкаў кафедры і студэнтаў. Забяспечвае кантроль і кіраванне рэжымамі выкарыстання памяшкання і яго санітарна-гігіенічным станам. Дадзены праект з'яўляецца развіццём канцэпцыі "Разумнага дома", выкарыстоўвае тэхналогіі Інтэрнэту рэчаў - сеткі перадачы паведамленняў паміж фізічнымі аб'ектамі без удзелу чалавека, і тэхналогій Data Science - аналізу вялікіх дадзеных.
Праект "Бібліятэка электронных дакументаў як база ведаў для самаабслугоўвання" (база ведаў па абслугоўванні кліентаў або база ведаў службы падтрымкі кліентаў). Бібліятэка ўяўляе сабой цэнтралізаваны і структураваны зборнік інфармацыі вызначанага накірунку. Мае функцыі пошуку, змяшчае інструкцыі і практычныя парады, якія дапамагаюць кліентам - унутраным або знешнім - вырашаць праблемы, не звяртаючыся ў службу падтрымкі.
Распрацоўшчыкам прадстаўленых праектаў выступае кафедра сістэмнага праграмавання і камп'ютарнай бяспекі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Купалаўскага ўніверсітэта.