Прарэктар па навуковай рабоце Купалаўскага ўніверсітэта Наталля Башун прымае ўдзел у рабоце семінара-нарады прарэктараў па навуковай рабоце ўстаноў вышэйшай адукацыі. Удзельнікі семінара дзеляцца сваімі дасягненнямі і разглядаюць магчымасці для сумеснай працы і партнёрства паміж рознымі навучальнымі ўстановамі.
30 і 31 кастрычніка ў Пінску на базе УА "Палескі дзяржаўны ўніверсітэт" пад старшынствам Першага намесніка міністра адукацыі Аляксандра Бахановіча праходзіць семінар-нарада прарэктараў па навуковай рабоце УВА па пытаннях арганізацыі і ажыццяўлення дзейнасці галіновых лабараторый у сістэме Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі азнаёміліся з галіновымі лабараторыямі ПалесДУ: галіновай лабараторыяй "Лонгітудынальныя даследаванні", галіновай лабараторыяй "Навукова-метадычнае і медыка-біялагічнае забеспячэнне падрыхтоўкі спартсменаў у алімпійскіх відах спорту", галіновай лабараторыяй "ДНК і клетачныя тэхналогіі" "Фінансавы і банкаўскі інжынірынг".
На другі дзень працуе выставачная экспазіцыя інавацыйных распрацовак супрацоўнікаў і студэнтаў ВНУ. Канструктыўная размова прадугледжвае абмеркаванне прыярытэтных задач развіцця: забеспячэнне пазабюджэтнага фінансавання, эфектыўнае выкарыстанне набытага навуковага абсталявання, актуалізацыя ўзаемадзеяння з заказчыкамі.
Такія мерапрыемствы паляпшаюць якасць навуковай працы ва ўніверсітэтах, стымулююць акадэмічны рост і спрыяюць стварэнню спрыяльнага навуковага асяроддзя для студэнтаў і выкладчыкаў.